Название | Праклятыя госці сталіцы |
---|---|
Автор произведения | Альгерд Бахарэвiч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2008 |
isbn | 978-985-6808-68-2 |
А гэтая новая, трэцяя… Яна была амаль уцямнай, але відавочна лішняй. Гэтая мова нагадвала Назару тую гульню, у якую гулялі раз-пораз ад няма чаго рабіць ягоныя аднаклясьнікі. “Давай размаўляць на бумскай мове”, – казаў адзін другому такому ж сапліўцу. “Давай. Бум’я бум’еў бумсёньня бум’суп. Бум’а бумты? – Бумкатлеты”. Карысьці ад новага школьнага прадмету было ня больш чым ад бумскай або чумскай мовы. Назар не разумеў і ненавідзеў яго.
9
Па-за школай здараліся й прыемныя моманты. Маці апранала лепшую сукенку, брала Назара як маленькага за руку і яны йшлі да аўтобуснага прыпынку. Сястра, якая пасьпявала ўпотай стэлефанавацца зь якім-небудзь дэбілам, пра якога Назар ведаў шмат, а бацькі – толькі добрае, заставалася дома; яна мела добрую нагоду – рыхтавалася паступаць у інстытут. Назару адкрываўся горад – аглушальны, таўхатлівы, падзелены паміж чэргамі, поўны сюрпрызаў. Яны ехалі ў кавярню “Вавёрачка”, аднак якая ж гэта была вавёрачка? – сапраўдная вавёра, з высокай столяй, зэдлікамі амаль у Назараў рост, вітражамі ў вокнах, якія фарбавалі панылую школьную форму ў колер прыгодаў. У-у, гэтыя пятніцы, марозіва ў вазачках, жэле з трускавак, якое, здавалася, можна есьці тонамі, але асабліва – загадкавы й непараўнальны Самбук. З чаго яго рабілі, што за зельле клалі на дно, які чараўнік з дапамогай гэтай раскошы купляў душы дзяцей?… хто б ён ні быў, Назар бы штодня аддаваў яму душу за лыжачку Самбуку.
Таварыш Мінус быў вольны ад сваіх неадкладных грамадзкіх справаў толькі па суботах – па нядзелях ён пісаў скаргі ды актуальныя артыкулы для газэтаў, ягоная пішучая машынка даводзіла да гістэрыкі дачку, суседзі грукалі ў сьценку. Па суботах жа таварыш Мінус выконваў бацькоўскі абавязак: вёў сына ў кіно. Найбліжэй да іх знаходзіўся кінатэатр імя Жданава. Ён месьціўся на першым паверсе старога змрочнага дому, заля была разьлічаная чалавек на шэсьцьдзесят, ня болей. Першы рад, куды ім раз-пораз даводзілася садзіцца, ад экрану адзьдзяляла ўсяго некалькі квадратных мэтраў стракатай пліткі, на сьценах віселі ўрачыстыя, нібы пахавальныя, фота савецкіх кінаартыстаў. Назар прасоўваў грошы ў вакенца – жанчына, якая сядзела там, заўсёды глядзела на яго з-за шкла так асуджальна, нібыта Назар з бацькам бралі квіткі ў бардэль. Першы час Назар не заўважаў сувязі паміж пільным промнем сьвятла за сьпінай і карцінкаю на экране; ён увесь быў засяроджаны на дзеі, у самыя адказныя моманты кулакі ягоныя міжволі сьціскаліся, і так і дрыжэлі ў шчасьлівым паралюшы, пакуль рэжысэр не замазваў чорнае белым і перад вачыма не пачыналі прасьцюжана мігцець расчаравальныя словы велічынёй з галоўнага героя. Таварыш Мінус вадзіў сына толькі на правільныя фільмы: краіна была набітая шпіёнамі як трамвай у гадзіну пік; нібы лайдак, паглядаў у сіняе неба забіты мусульманамі