Музы і свінні. Уладзіслаў Ахроменка

Читать онлайн.
Название Музы і свінні
Автор произведения Уладзіслаў Ахроменка
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7086-05-4



Скачать книгу

спектакль? Усё, здаецца, мусіць быць зразумела: «Бахчысарайскі фантан» Барыса Асаф’ева, з пазнавальнымі мінарэтамі, гарэмамі, рахат-лукумамі ды іншай арыентальнай лухтою. Галоўную жаночую партыю Зарэмы таньчыць, вядома ж, балетмайстарава жонка. Калі пастаноўку не асвішчуць тут – у Мінску яна і пагатоў не праваліцца. А там, можа, і ў якое рэакцыйнае замежжа выпусцяць…

      Падрыхтоўка праходзіць на ўздыме. Мастак прыкідае, як найэфектней адбудаваць дэкарацыі і зарганізаваць святло. Рэжысёр, уражаны мясцовым каларытам, дапрацоўвае драматургію. Балетмайстар, песцячы ў галаве сарамлівыя мроі пра авацыі і трыумф, ганяе танцораў да поўнае страты свядомасці і раўнавагі; шліфуе рухі і мкнецца да дасканаласці. І вось – афішы на глінабітных сценах, прэм’ера ў Палацы культуры бавоўнаробаў. Уся трупа вібруе ў нервовым чаканні. Аркестранты збіраюцца за гадзіну раней за належнае. Танцоры дбайна накладаюць грым. Рэжысёр выцірае насоўкай спатнелую лысіну. Балетмайстар, празрысты ад хвалявання, напружана прыпадае вокам да дзіркі ў тэатральнай заслоне. Гучаць велічныя акорды балетнай уверцюры. Нарэшце, заслона ўздымаецца…

      Вялізная няўтульная зала, практычна пустая. На першых месцах – з тузін мясцовых эстэтаў: начальніцкія партфелі, стракатыя цюбецейкі, залатыя зубы. Лянотна жуюць самсу і паглядаюць на Хана Гірэя, які элегічна смуткуе на сцэне каля дэкаратыўнага «Фантана слёз», бы на хлопчыка ў чайхане. Балетмайстар перахоплівае позірк суворага татарскага ўладара і разумее, што таму зараз не таньчыць хочацца, а выхапіць шаблю і пашаткаваць гэтую неабазнаных у харэаграфіі ішакоў на люля-кебаб. Спектакль заканчваецца суцэльным правалам, бо ўжо ў другім акце залатазубыя балетаманы даядаюць прынесеныя прысмакі і сыходзяць проста падчас танцавальнага нумару.

      Увечары ў беларускіх гастралёраў жальба і дэпрэсія. Усе – аркестранты, кардэбалет, мастак, рэжысёр і нават Хан Гірэй з Зарэмаю, – п’яныя, як бэлькі. Смокчуць паскудную цёплую гарэлку тутэйшага разліву і скардзяцца адзін аднаму на азіяцкае дзікунства і маскоўскі «Саюзканцэрт». І толькі балетмайстар, непітушчы з прычыны далікатнага псіхаскладу, на самоце глынае пякучыя слёзы ў скверыку насупраць гатэля.

      Усё, злівай ваду, гастролі праваленыя, у наступны горад і ехаць не варта. Можна, вядома ж, дамовіцца з мясцовымі гаркамамі партыі, каб тыя задарма распаўсюдзілі квіткі ў вайсковых частках, школах і на базарах, але ж дзе гарантыя, што гэтыя дзеці барханаў зноўку не пераблытаюць балетны спектакль з караван-сараем? Уратаваць «Бахчысарайскі фантан» у змозе хіба што джын, а яны, як вядома, у савецкай Сярэдняй Азіі даўно звяліся.

      І тут са спякотнага марава нібы матэрыялізуецца зухаваты і небяспечны маладзён, па выглядзе – тыповы басмач. Ты, кажа, нацальніка танцаў? Ну, я, панура адказвае балетмайстар, а што? А то, кажа маладзён, што з табой будзе гаварыць адзін вельмі паважаны чалавек. Вунь, бачыш чорную «Волгу»? Ідзі туды хуценька, не прымушай яго чакаць!

      У салоне – хударлявы стары: шафранавы твар, пергаментныя