Название | Парыж, Эйфелева вежа і… |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | |
Серия | |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn |
– Вой, не магу, – гучна рагатаў Алесь, – без нажа зарэзаў…
Люся прынесла кубак вады, Алесь папіў, але вада не супакоіла.
– Што тут смешнага? – сілячыся перакрычыць брата, запытаўся Андрэй.
– За каго ты мяне трымаеш?.. – трошкі супакоіўшыся, запытаўся Алесь. – За дурня?.. Лоха?..
Андрэй не адказаў. Паводзіны брата канчаткова збілі з панталыку, і, галоўнае, іх з Люсяй прагнозы наконт маёмасці не апраўдаліся. Андрэй яшчэ мог дапусціць, што брат сарвецца, кінецца на яго з кулакамі, але тое, што Алесь, як на тым «полі цудаў», адгадае ягоныя думкі пра «дурня і лоха», – прадбачыць не мог. Яшчэ тыдзень таму Андрэй быў упэўнены, што дзеля яго брат ахвяруе ўсім, аддасць апошняе, як было дагэтуль. Шукаючы падтрымкі, ён паглядзеў на палюбоўніцу. Люся цішком паказала яму два пальцы, што па ранейшай дамоўленасці азначала пагадзіцца з умовамі мужа.
– Што тычыцца куплі-продажы маёй часткі фірмы… – цяпер Алесь гаварыў, як цвікі забіваў. – Мушу нагадаць, што гэта я зрабіў цябе сваім намеснікам і падарыў рэстаран, як кажуць, ад вялікай радасці… А як жа інакш?.. Дзетдомаўцам рэдка шэнціць, а тут родны брат знайшоўся, ды яшчэ блізнюк… Мы цяпер на ўсё жыццё міжволі прыяцелі… Ды што – прыяцелі?.. Думаў, блізняты – больш чым браты, мы як адзін, як адно цэлае, а значыцца, трэба, каб між намі былі мір і згода. Толькі хатняга злодзея не ўпільнуеш: я за парог, ты за пірог… А жонцы, як аказалася, гэткія змены ў жыцці большая радасць, чым мне… Ты заробленае мной успрыняў як сваё… Растаптаў давер… Так што, брат, доля цяпер у цябе свая і ў прамым, і ў пераносным сэнсе, і нешта мяняць не хачу і не буду… Скасаваннем шлюбу неадкладна зоймуцца адвакаты, а што будзе потым – час пакажа…
Праз два дні Алесю патэлефанаваў Андрэй і настойліва папрасіў пагадзіцца на хуткі варыянт скасавання шлюбу, праз ЗАГС. Гурскага просьба здзівіла, а больш насцярожыла. Ён ведаў, што гэты варыянт разглядаецца па згодзе мужа і жонкі, і толькі тады, калі ў іх няма грашовых, маёмасных ці іншых прэтэнзій. Ведаючы жонку, меркаваў, што Люся напоўніцу скарыстае сваю цяжарнасць і пад братавым уплывам будзе судзіцца за маёмасць, патрабаваць частку фірмы, дзяліць кватэры ў Мінску і Маскве, дом у Італіі. І раптам – без прэтэнзій…
«Суды, адвакаты выцягнуць грошы, мы папсуём адно аднаму здароўе і канчаткова перасварымся, па жывому разарвём фірму, а драбленне на карысць толькі канкурэнтам… – падсумаваў сказанае Андрэй. – І галоўнае: будучае дзіця табе не чужое… Адна кроў… Ад гэтага не ўцячэш, не схаваешся…»
Алесь пагадзіўся. Ён добра ведаў бізнес і разумеў, што, як толькі кампаньёны даведаюцца пра сямейны разлад і раздзел фірмы, бізнесу крышка… Інвестары імгненна знікнуць, а па ранейшых дамовах, якія наўрад ці будуць выкананыя, давядзецца плаціць штрафы, а гэта вялікія, вельмі вялікія грошы…
Яшчэ