Название | Вяртанне з апраметнай |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 1999 |
isbn |
Крывiцкi адчуў сябе нiякавата, калi даведаўся сапраўдную прычыну гэтай камандзiроўкi, але адразу супакоiў сябе тым, што, у любым выпадку, прадстаяла цiкавая работа. Яго пасялiлi ў аднапакаёўцы на Пугачоўскай вулiцы, недалёка ад кiрмашу, i Астроўскi ўдакладнiў задачу: «Абжывацца, прыглядацца i, галоўнае, – вывучаць кiрмаш». Крывiцкi пакуль што з усёй групы ведаў толькi Астроўскага i Мiрончыка. Ён атрымаў тэлефон хуткай сувязi i сувязнога – Васiля. Маёр у першую сустрэчу папярэдзiў Алеся, каб на пэўны час забыўся, што ён мiлiцыянер, не праяўляў нiякай самастойнасцi, быў непрыкметны – вось i ўся задача! У Крывiцкага адразу ўзнiклi пытаннi, толькi што зробiш: загады трэба выконваць, а не абмяркоўваць. Ён зразумеў, што перш чым Астроўскi ўсё раскажа яму пра нейкую сакрэтную аперацыю, да яго будуць таксама прыглядацца i вывучаць. Гэта ранiла самалюбства, ды Алесь ведаў, што так павiнна быць – маёр робiць правiльна.
Крывiцкi паслухаўся Астроўскага: вывучаў гарадскi кiрмаш. За тыдзень бадзяння там у яго з’явiлiся не толькi пытаннi да маёра.
«Што вывучаць? Да чаго прыглядвацца?» – злаваўся Алесь.
Ён пазiраў на доўгiя сталы, аблепленыя прадаўцамi, быццам чмялямi, што зляцелiся на мёд. Здавалася, нават паветра тут iншае, нейкае гарачае, шыпячае, быццам расплаўленае. У нейкi момант людзi i сапраўды рабiлiся падобнымi на чмялёў.
«Тут не прыглядвацца трэба, а палову з iх саджаць… Вось хоць бы тая маладжавая кабета, што круцiцца каля ўвахода. Тыдзень прадае кiтайскi пухавiк-палiто. Разоў шэсць бачыў, як яго куплялi, нават сам прымяраў, але праз паўгадзiны цётка зноў трымае ў руках тое самае палiто з рукавом, якi крыху ўпэцканы ў зеленаватую фарбу. Значыць, не пухавiк яна прадае, а тое, што схавана ў iм, зашыта пад падкладку цi ў кiшэнях. А вось тая чацвёрка – рэкецiры. Сам бачыў, што бяруць грошы з прадаўцоў i з каўказцамi ў iх нейкiя асабiстыя стасункi. Бывае, гавораць так, быццам сябры, сто гадоў не бачылiся, гатовыя цалавацца, а iншым разам ледзь не б’юцца. Адразу вiдаць, што каўказцы прадаюць не толькi мандарыны. У рэкецiраў адчуваецца дысцыплiна i нешта падобнае на дзяжурства. Сённяшняя чацвёрка, напрыклад, была тут у мiнулы чацвер. Гэта ж колькi iх, калi ў кожнай чацвёркi свой дзень? А вунь платны п’янiца i хулiган. Сядзiць сабе чалавек крыху пад мухай i быццам дрэмле каля ўвахода ў будынак адмiнiстрацыi. Але як толькi з’яўляюцца мiлiцыянты, ён прыцягвае да сябе iх увагу, пачынае крычаць, чапляцца да людзей, мацюкацца. Мiлiцыянты адразу чуюць, дзе парушэнне грамадскага парадку, i забiраюць п’янага. Толькi гэтае месца вольным не бывае, яго тут жа займае другi… I так дзень у дзень: забiраюць адных i тых i праз пэўны час адпускаюць. А п’яны зноў сюды, быццам на дзяжурства. Вось толькi незразумела, каго яны папярэджваюць?»
За тыдзень Крывiцкi так нагледзеўся на кiрмашнае жыццё, што ледзь не ванiтавала ад убачанага. Было крыўдна за мiлiцыю, за мясцовых сышчыкаў, благiя думкi бударажылi душу. Алесь не мог паверыць, што першы «вывучае» дзейнасць кiрмашных пастаяльцаў.
Iдучы да латкоў, дзе прадавалi садавiну, Крывiцкi ўзрушана разважаў пра падзеi