Название | Вяртанне з апраметнай |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 1999 |
isbn |
– Добра, сяброўка, не падлiзвайся, – адмахнулася Ядзя. – Будзь больш лiпучай, i ў нас атрымаецца.
– У нас? – здзiўлена перапынiла Юля.
– Так, у нас. Я вырашыла табе дапамагчы…
У той жа вечар Ядзя наўмысна справакавала зваду, абвiнавацiла мужа ў тым, што ён мала займаецца дачкой, вышуквае розныя прычыны, абы толькi не ехаць з ёй на вёску да бацькоў, беспадстаўна назвала Шаўцова слiмаком i, дэманстратыўна грукнуўшы дзвярыма, пайшла спаць у пакой дачкi. На наступны дзень Шаўцоў прыйшоў дадому з вялiзным букетам чырвоных руж, але Ядзя i брывом не павяла, а кветкi паляцелi ў сметнiк. Яна бачыла, як закалацiла мужа, як спалатнеў ягоны твар, але ён стрымаў парыў гневу, нават нiчога не сказаў. Толькi цяжка ўздыхнуў i, трымаючыся за грудзiну, пасунуўся ў спальню.
Ядзя не спала ноччу. Яна чула, як Шаўцоў шпацыраваў па кватэры, як пiў гарэлку, як выходзiў на балкон i доўга курыў. У нейкi момант у яе душы варухнулася пачуццё жалю: «А што, калi п’яны Шаўцоў скокне з балкона?» Ад адной толькi думкi паралiзоўваў страх, яна ўжо была гатова бегчы да мужа i пра ўсё расказаць, кiнуцца ў ногi, папрасiць прабачэння… Ён добры… Але ж тады трэба кiнуць махлярства! Не, няхай будзе так, як спланавана. Шаўцоў павiнен зрабiць тое, што трэба, яны зломяць яго, Юля стане палюбоўнiцай.
Шаўцоў мяняўся на вачах. Схуднелы, нервовы, з хваравiтымi агеньчыкамi ў вачах, ён мала нагадваў начальнiка, якога прывыклi бачыць людзi, лагоднага i зычлiвага. Ён хадзiў цяжка, няўпэўнена, часцяком адказваў на пытаннi неўпапад. Шаўцоў нагадваў цяжкахворага, але Ядзя ведала сапраўдную прычыну хваробы i няўмольна вяла сваю лiнiю. Яна адмаўляла мужу ўва ўсiм i ведала, што доўга ён не вытрымае, хутка дойдзе да такога стану, калi спакусiцца не толькi на прыгожую Юлю.
Напрыканцы тыдня, у пятнiцу, Шаўцоў прыйшоў з працы пазней звычайнага. Ядзя ведала, што начальства з торга гэтымi днямi часцяком арганiзоўвала выезды на прыроду. Мелiся аблюбаваныя куточкi на беразе ракi цi возера, дзе цеплiлася лазня, гатавалi двайную, а то i трайную юшку, смажылiся шашлыкi, лiлася ракой гарэлка, а заадно абмяркоўвалi справы. Шаўцоў таксама запрашаўся на гэтыя вечарынкi. Тут можна было сустрэць важных чыноўнiкаў з мiнiстэрства, з гарвыканкама, пракурора i начальнiка мiлiцыi. Але па тым, як муж хуценька крутнуўся з ваннага пакоя ў спальню, не цадзiў каньяк на балконе, а адразу завалiўся спаць i ўжо праз дзесяць хвiлiн пацiху соп, па-дзiцячы падсунуўшы далонь пад шчаку, Ядзя зразумела: Шаўцоў здрадзiў. Яна ўспрыняла гэта як нешта звычайнае, без трывогi i хвалявання. Наадварот, быццам камень звалiўся з душы: цяпер рукi былi развязаныя. У гэтую хвiлiну Ядзя падзякавала лёсу, што выйшла замуж па разлiку. З каханым зрабiць такое, што вытварыла з Шаўцовым, i ў галаву б не прыйшло. I адразу перад вачыма ўзнiк вобраз Калеснiка.
Ядзя баялася прызнацца нават сабе, што патаемна чакала сустрэчы з Сержам, у душы песцiла надзею, што прыйдзе час i яны зноў будуць разам.
Тыдзень цярплiвага чакання, назiранняў за Шаўцовым, якi цяпер дадому прыходзiў далёка за поўнач, поўнасцю пераканалi, што план удаўся. Ядзя вырашыла неадкладна дзейнiчаць.