Смерць у Венецыі. Томас Ман

Читать онлайн.
Название Смерць у Венецыі
Автор произведения Томас Ман
Жанр Зарубежная классика
Серия Noblesse Oblige
Издательство Зарубежная классика
Год выпуска 1897
isbn 978-985-7165-87-2



Скачать книгу

зрэшты, атрымалася, здаецца, неблагая, бо новы падпалкоўнік, жанаты, але без дзяцей, арандаваў у паўднёвым прыгарадзе вельмі прасторную вілу, з чаго зрабілі выснову, што ён меў намер атабарыцца тут надоўга. Ва ўсякім разе, чуткі, што ён надзвычай багаты, пацвярджаліся і тым, што ён прывёз з сабою чатырох пасыльных, пяць верхавых ды запражных коней, ландо і лёгкую карэту.

      Муж з жонкай неўзабаве пасля свайго прыезду пачалі наносіць візіты паважаным сем’ям, і іх імя было ва ўсіх на языку; але галоўную цікавасць выклікаў зусім не сам гер фон Рынлінген, а яго жонка. Паны-мужчыны разгубіліся і спачатку не маглі нічога выказаць; а вось дамы якраз не засталіся абыякавымі наконт такой з’явы, як Герда фон Рынлінген.

      «Сталічная штучка, – выказалася фрау Хагенштром, жонка адваката, у размове з Генрыэтай Фрыдэман, – ну, вядома. Яна паліць, яна ездзіць конна – згодна! Але яе паводзіны не толькі вольныя – яны бесцырымонныя, і гэта яшчэ не зусім тое слова… Паглядзіце, непрыгожай яе на назавеш, пра яе нават можна было б сказаць: мілая… І ўсё-такі ў ёй адсутнічае жаночая прывабнасць, і ў яе позірку, яе смеху, яе рухах няма ўсяго таго, што любяць мужчыны. Яна не какетка, і я, Бог за сведку, ніколі не скажу, што гэта кепска; але ці можа такая маладая жанчына – ёй дваццаць чатыры гады – абсалютна бесклапотна не ўлічваць натуральную прыцягальную сілу жаноцкасці? Шаноўная, я не люблю лухты, я ведаю, што кажу. Нашы мужчыны пакуль што ашаломленыя: Вы ўбачыце, што праз некалькі тыдняў яны, цалкам расчараваныя, адвернуцца ад яе».

      «Што ж, – сказала фройляйн Фрыдэман, – яна выдатна забяспечаная».

      «Так, яе муж! – усклікнула фрау Хагенштром. – Як яна абыходзіцца з ім? Вам варта было б убачыць! Вы ўбачыце! Я першая, хто настойвае на тым, што замужняя жанчына ў дачыненні да супрацьлеглага полу павінна ставіцца да пэўнай ступені стрымана. А як яна паводзіць сябе ў дачыненні да ўласнага мужа? У яе такая завядзёнка – холадна пазіраць на яго і звяртацца са спачувальным тонам „любы сябра“; гэта выклікае ў мяне шаленства! Але ж трэба бачыць яго – карэктны, з рыцарскай выпраўкай, саракагадовы мужчына, які выдатна збярог сябе, бліскучы афіцэр! Яны чатыры гады ўжо жанатыя… Даражэнькая…»

      VII

      Месцам, дзе маленькаму пану Фрыдэману пашчасціла ўпершыню ўбачыць фрау Рынлінген, была галоўная вуліца, абапал якой месціліся амаль выключна гандлёвыя дамы, і сустрэча здарылася апоўдні, калі ён якраз ішоў з біржы, дзе таксама прамовіў сваё важкае слова.

      Ён крочыў без спеху і важна, побач з купцом Штэфэнсам, незвычайна высокім і няўклюдным мужчынам з круглымі бакенбардамі і жахліва густымі бровамі. На абодвух былі цыліндры і расшпіленыя з прычыны моцнай гарачыні паліто. Яны размаўлялі пра палітыку, у такт абапіраючыся сваімі кійкамі на тратуар; але калі яны дасягнулі прыкладна сярэдзіны вуліцы, купец Штэфэнс раптам сказаў:

      «Д’ябал мяне забяры, калі там не Рынлінгеніха едзе».

      «Дык і вельмі добра, – сказаў пан Фрыдэман сваім высокім і некалькі рэзкім голасам і пачаў узірацца наперад чакаючы.