Смерць у Венецыі. Томас Ман

Читать онлайн.
Название Смерць у Венецыі
Автор произведения Томас Ман
Жанр Зарубежная классика
Серия Noblesse Oblige
Издательство Зарубежная классика
Год выпуска 1897
isbn 978-985-7165-87-2



Скачать книгу

заняло дыханне. Ён яшчэ з паўхвіліны пасядзеў, потым адсунуў крэсла, ціха ўстаў і гэтак жа ціха выйшаў.

      Х

      Ён пайшоў па калідоры ў суправаджэнні гукаў музыкі, у гардэробе забраў цыліндр, светлае паліто і кіёк і патупаў па сходах уніз на вуліцу.

      Быў цёплы, ціхі вечар. У святле газавых ліхтароў неба моўчкі затульвалі шэрыя дамы з вялікімі франтонамі, уверсе лагодным святлом міргалі зоркі. Крокі нешматлікіх людзей, якія сустракаліся пану Фрыдэману, утваралі шоргат на тратуары. Хтосьці павітаўся з ім, але ён не ўбачыў хто; ён ішоў, схіліўшы галаву, і яго высокая вострая грудзіна калацілася, так цяжка ён дыхаў. Час ад часу ён прамаўляў сам сабе:

      «Божа мой! Божа мой!»

      Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася… І раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап’янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:

      «Герда!»

      Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.

      Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць вочы? Яна прынізіла яго адным позіркам? Ці ж не была яна жанчынаю, а ён мужчынам? І ці не задрыжэлі яе карыя вочы пры гэтым проста ад радасці?

      Ён яшчэ раз адчуў, як у сярэдзіне зноў зараджаецца гэтая бяссільная пажадлівая нянавісць, але потым згадаў той момант, калі яе галава даткнулася да ягонай, калі ён удыхнуў водар яе цела, і ён яшчэ раз спыніўся, адкінуў свой скалечаны корпус назад, уцягнуў паветра праз зубы і потым зноў прамармытаў у адчаі, не памятаючы сябе:

      «Божа мой! Божа мой!»

      І ён зноў механічна патупаў далей, павольна, праз задушлівае вечаровае паветра, па бязлюдных, з адгалоскамі крокаў вуліцах, аж пакуль не апынуўся перад сваім жытлом. У пярэднім пакоі ён на нейкі момант запыніўся і ўцягнуў у сябе прахалодны, склепавы пах, які панаваў там; потым ён увайшоў у «кабінет».

      Ён сеў за пісьмовы стол каля адчыненага акна і ўтаропіўся проста перад сабою на вялікую жоўтую ружу, якую хтосьці паставіў яму ў шкляную вазу. Ён узяў яе і, заплюшчыўшы вочы, пачаў удыхаць яе водар; але потым адсунуў яе ад сябе са зняможанай, засмучонай мінай. Не, не, гэтаму – канец! Што яму цяпер гэты водар? Што яму было цяпер да ўсяго таго, што раней азначала «шчасце»?..

      Ён павярнуўся ў другі бок і зірнуў на ціхую вуліцу за акном. Сяды-тады гучалі і заціхалі крокі. Свяцілі мігатлівыя зоркі. Як смяртэльна знямогся і саслабеў ён! Яго галава была пустая, а адчай пачаў растварацца ў вялікім, лагодным смутку. Некалькі радкоў з вершаў прамільгнулі ў ягонай памяці, музыка з «Лаэнгрына» загучала зноў у яго вушах, ён яшчэ раз убачыў перад сабою вобраз фрау фон Рынлінген, яе белую руку на чырвоным аксаміце, а потым ён зваліўся ў цяжкі,