Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Пантофля Мнемазіны
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2018
isbn 978-985-7165-55-1



Скачать книгу

А мог быць страшэнна да яго падобным. Кажуць жа, што ў кожнага з нас ёсць двайнік. Допельгангер. Гі дэ Мапасан аднойчы бачыў яго – вярнуўся дадому, а двайнік у фатэлі ля каміна сядзіць. Гётэ таксама допеля сустрэў, калі ехаў у карэце на Страсбург. Той стаяў на ўзбочыне, апрануты ў шэры сурдут з залатой вышыўкай, які ў стваральніка Фаўста з’явіцца праз восем гадоў. Імануіл Кант, Персі Бішы Шэлі, лорд Кавендзіш, Сяргей Ясенін… Ведаюць пасланцы Аіда, каму з’яўляцца. Часам мы бачым двайніка як цёмны сілуэт альбо празрыстую смугу…

      Але ніякай містыкі я не адчула. Віталь быў цалкам рэальны. Нават куточак вуснаў прыўзняў, як заўсёды рабіў, калі ў галаву прыходзілі невясёлыя думкі – гэткая саркастычная паўусмешка…

      Лагічнае апраўданне майго бяздзеяння – пабаялася, каб у дурку не забралі. Але нічога такога я не думала. Мазгі завіслі, як кампутар на пірацкім сайце. У мяне ў стрэсавых сітуацыях такая вось рэакцыя: замерці, і няхай усё само рассмокчацца, развеецца, выпарыцца.

      Перажываць пачынаю пасля. Як боль вяртаецца ў сцерхлую руку, калі пачынаеш ёю варушыць.

      Галоўная прычына маёй стрыманасці: раптам Віталь хаваецца? Выглядаў ён цалкам здаровым. Знешнасць змяніў да непазнавальнага: заміж доўгіх валасоў – пад нуль, бараду адгадаваў, дый рудым раней не быў. Каб не характэрны жэст – паціраць пальцам лоб, не пазнала б. Калі раптам я папрашу сваіх мянтоў знайсці патрэбны кадр, прасачыць, дзе пасажыр сеў… Ці не падстаўлю Корвуса? Што б ні сачыніла тыпу «падобны да аднаго чувака, які мне пазыку не вярнуў», прагоняць жа па базе дадзеных, запомняць, зацікавяцца… Гэта ж сістэма, Вялікі Брат, які глядзіць на ўсіх нас!

      Мент Паша зноў уключыў «Любэ», і я сыходзіла пад «Не валяй дурака, Америка».

      Ехаць давялося ў вагоне, абклееным шпалерамі з кніжнымі паліцамі – рэклама электроннай бібліятэкі. Якраз патрапіла ў «аддзел класікі». Тамы на фоташпалерах здаваліся сапраўднымі, хацелася правесці пальцамі па карэньчыках з залатымі паскамі і адчуць іх выпукласць… Вось толькі ні на водным карэньчыку не было назвы. Кніжкі без імёнаў, са сцёртым мінулым. Быццам Корвус. Як можа апынуцца жывым чалавек, які сем год таму загінуў у аўтакатастрофе? Як мае аўтары гэта б вырашылі?

      Галоўныя спецыялісты – тыя, што ажыўляюць прафесара Снэйпа з фандома паводле «Гары Потэра». Іх галоўны аргумент – цела не знайшлі. Вісклівы Дамок, дзе супершпіён прыняў смерць ад жудаснай змяюкі Цёмнага Лорда, згарэў. Зусім як «Жыгуль» майго Віталя. Таму верагодна, што прафесар споўз. Інсцэнаваў сваю смерць, сціскаючы ў кішэні супрацьяддзе і кроваспыняльнае зелле, і падпаліў дэкарацыі. Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць… Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).

      Але каб хацеў Корвус проста знікнуць – ён і так за мяжой быў… Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?

      Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці.