Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Пантофля Мнемазіны
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2018
isbn 978-985-7165-55-1



Скачать книгу

аддае загад, і здраднік у чорным паліто і фацэтным капелюшы прыводзіць танклявую дзяўчыну ў адной падранай, заляпанай сукенцы, з доўгай рудой касою… І таксама змушае стаць на калені! Проста ў брудны снег! Учэпістыя пальцы нягодніка моцна сціскаюць дзявочы плячук… Нянавісць падымаецца хваляй… А Рыгор побач рвецца, штось крычыць… Яго б’юць па галаве прыкладам вінтоўкі, цячэ кроў, але Самусь працягвае, лежачы, лаяцца… А здраднік, які прывёў дзяўчыну, пра нешта гергеча з афіцэрам і па-ранейшаму не адпускае плячо дзяўчыны – нібыта крумкач ухапіў кволае птушаня… Чамусь менавіта гэта запамінаецца – уладныя пальцы, як кіпцюры крумкача, пад імі змінаецца тканіна такой знаёмай сукенкі ў сінія кветачкі, у якой уладальніца кружылася ў вальсе на школьных танцах…

      Потым Жэнька – яна, сувязная, чакала іх у хаце – патлумачыць, афіцэр западозрыў у ёй габрэйку. Як толькі ўгледзеў, нелюдзь? Хадзілі чуткі, што бацька Жэнькі, якога ніхто ў Старавежску не бачыў – яны з Жэньчынай маці нібыта разам вучыліся на педфаку, – і праўда меў габрэйскую кроў. Але дачка ў любым выпадку да яго зусім не падобная, бо ўся ў маці. Таму Корвусу ўдалося пераканаць пачварын, што дзеўка – беларуска, вучыў яе ў школе, можа пацвердзіць.

      На месцы палонніцу не прыстрэлілі, але афіцэр прыдумаў выдатны сродак разгаварыць савецкіх фанатычных недарасцей. І Корвус атрымаў загад: распрануць партызанку да сподняга… І пакуль яе змоўшчыкі-партызаны не скажуць, якое мелі заданне, дзе іх атрад – фройлейн давядзецца памерзнуць.

      Корвус паспрачаўся, але потым загад выканаў. Абыякава, як аўтамат.

      Гэта было невыносна: бачыць, як яна, прыгожая, быццам фея, дрыжыць у адной белай сподняй кашульцы, абдымаючы сябе тонкімі рукамі, як пераступае скалелымі нагамі ў бруднай калатушы… Як ворагі юрліва аглядаюць яе постаць, захоплена прыцмокваюць, груба жартуюць… А Корвус стаіць спакойна і глядзіць. Толькі пра нешта гергеча з фашысцкай навалаччу… Гергеча незадаволена. Неахвотнае «яволь»… А потым ён, Магістр, прывязвае былую вучаніцу да слупа агароджы. Старанна, моцна… У адной кашульцы на марозе. Навалач. А насупраць сядзяць, навязаныя, як шчанюкі да плота, яны…

      Тады першы раз Рэм пабачыў, як Рыгор плача. Злымі, адчайнымі слязьмі, што вымывалі няроўныя дарожкі на твары, спрэс залітым крывёй. Не, гэта была не слабасць. Яны ўсе гатовыя былі памерці, але не здрадзіць.

      Але памерці ім не далі. Той жа Корвус. Які напляваў на інструкцыі, што мусіць да апошняга, цаной любых ахвяраў падтрымліваць легенду, заставацца перакладнікам пры фашыстоўскім штабе. Прайсці любыя выпрабаванні – кшталту таго, што яму ўчынілі, узяўшы на карную аперацыю.

      Ноч… Здрадлівае святло поўні… Мёртвыя ахоўнікі на снезе… Магістр мые, мые, выцірае снегам акрываўленыя рукі, а рукі трасуцца – чыстаплюй… Вяроўкі перарэзаныя, у руках зброя…

      Жэньку Корвус амаль усю дарогу да лагера нёс на руках. На хаду расціраў, захутваў, нечым паіў з маленькіх бутэлечак… Цуд, але рукі-ногі не адмарозіла, толькі два пальцы на левай назе давялося потым адняць. Затое пнеўманія надарылася.