Людміла Рублеўская

Список книг автора Людміла Рублеўская



    Пантофля Мнемазіны

    Людміла Рублеўская

    У сваім новым рамане Людміла Рублеўская ператасоўвае віртуальную рэальнасць і гістарычныя падзеі і ставіць герояў перад выбарам: змірыцца, стаць часткай сістэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды. Маладая дызайнерка Вірынея праштрафілася перад начальствам і адпраўлена працаваць у маленькую транспартную газетку. На станцыі метро яна выпадкова заўважае ўласнага мужа, які нібыта загінуў сем год таму. Але дэтэктыўная інтрыга – толькі фон, на якім даследуецца цэлая эпоха. Рэпрэсіі 1930-х гадоў, ганебная «справа ўрачоў», карная медыцына, спецбальніца, схаваная ў пушчы, якая робіцца прытулкам для «ворагаў народа»… І немагчымая гісторыя кахання, якая адбываецца ў сталінскіх засценках, у лагерах ГУЛАГа, у хрушчоўскую «адлігу» і нават у XXI стагоддзі. Дзе заканчваецца віртуальная рэальнасць, удзельнікам якой чытач раптам становіцца, ён не зразумее да апошняй кропкі.

    Карона на дне віра (зборнік)

    Людміла Рублеўская

    Гэта кніга – незвычайная. Расказваючы цікавыя, займальныя казкі пра нашых даўніх родзічаў, бабуля Юстына вельмі далікатна спрабуе завесці юнага чытача ў непаўторны і дзівосны свет роднай прыроды, знаёміць з гісторыяй паходжання назваў і лекавымі ўласцівасцямі многіх прыгожых кветак і раслін нашай Бацькаўшчыны, якія, дарэчы, уваходзяць сёння ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта і меч-трава, і валяр’ян двухдомны, і чарнакорань пурпуровы, і гарлачык белы, і лілея царская, і многія іншыя. Казкі дапамогуць дзецям стаць добрымі знаўцамі роднай прыроды, а іх сэрцы напоўняцца спагадай не толькі да казачных герояў, але і да жывога свету бабуліных зёлак і красак.

    Сэрца мармуровага анёла (зборнік)

    Людміла Рублеўская

    У аповесці “Сэрца мармуровага анёла” чорная жамчужына каралевы Боны апынаецца ў руках дзівакаватага вартаўніка правінцыйнага музея і сталічнай мастацтвазнаўцы Касі. Гераіня аповесці “Пярсцёнак апошняга імператара” маладая паэтка Магда спазнае трагічную і гераічную гісторыю свайго роду, які выяўляецца каралеўскім.

    Сутарэнні Ромула (зборнік)

    Людміла Рублеўская

    Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай: «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» і «Сутарэнні Ромула» атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л. Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман «Сутарэнні Ромула» ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.

    Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)

    Людміла Рублеўская

    У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.

    Авантуры студыёзуса Вырвіча

    Людміла Рублеўская

    Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў 18 стагоддзі былога шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму, маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацку. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, які здабыў сабе шляхецтва на полі бойкі – суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

    Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

    Людміла Рублеўская

    У трэцяй кнізе цыкла Людмілы Рублеўскай, які распавядае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі беднага шляхцюка Пранціша Вырвіча і полацкага доктара Баўтрамея Лёдніка, працягваюцца неверагодныя падзеі. Героям давядзецца шукаць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаць у карэце з чорным магам і егіпецкай прынцэсай, прысутнічаць на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Каму павінна належаць карона святога Альфрэда, скрадзеная з ангельскай скарбніцы ў час рэвалюцыі Кромвеля? Ці варта плакаць над спаленым домам, калі знойдзена сапраўднае каханне? Першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, век плашча і шаблі, – выдатныя дэкарацыі для авантурна-прыгодніцкага сюжэта і падарожжа ў рамантычную і трагічную гісторыю Беларусі.

    Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата

    Людміла Рублеўская

    У чацвёртай кнізе цыкла Людмілы Рублеўскай пра прыгоды шляхцюка Пранціша Вырвіча і полацкага доктара Баўтрамея Лёдніка, дзеянні спачатку пераносяцца ў Францыю, а затым вяртаюцца ў Беларусь. Героі зноў апынуцца ў сітуацыях, з якіх, здаецца, няма выйсця – будуць шукаць спосаб выжыць ў падводнай лодцы, выратоўваць на судзе Саламею Лёднік, біцца з Германам Ватманам, працаваць як двайныя агенты і на канфэдратаў, і на караля. Акрамя гэтага, зноў сваю ролю сыграе карона святога Альфрэда. І, галоўнае, нарэшце Пранціш Вырвіч стане шчаслівым!

    Дагератып

    Людміла Рублеўская

    Новы дэкадансны раман Людмілы Рублеўскай пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з'язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, – якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem – адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць. Вы не зможаце адарвацца ад гэтага раману. Дэкаданс, готыка, хорар, палкае каханне насуперак усяму і бязлітасная чалавечая подласць… Рамантычная і жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.