Название | Беларуская лiтаратура |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Навумовiч |
Жанр | Языкознание |
Серия | |
Издательство | Языкознание |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1 |
Вяртанне да каранёў і асэнсаванне сучаснасці – гэта якраз тыя дзве тэндэнцыі, якія і з’яўляюцца галоўнымі ў сённяшняй беларускай літаратуры. Творцы мастацкага слова знаходзяцца на шляхах асэнсавання гістарычнага і сучаснага быцця беларускага народа.
Ваенная тэма ў беларускай літаратуры
У беларускай літаратуры ў пасляваенны час надоўга і трывала запанавала ваенная тэма. Тэма вайны, цяжкай, непасільнай, што руйнавала не толькі хутары, вёскі, гарады, але і звыклы лад жыцця, душы людскія, была, бадай, адзіным абсягам, дзе галоўным стаў паказ гераізму і патрыятызму народа ў святой справе абароны роднай зямлі ад чужаземных захопнікаў.
Доўгі час вайна малявалася ў літаратуры як супрацьстаянне двух светаў, дзвюх ідэалогій – духоўнасці і бездухоўнасці, як выяўленне каштоўнасці чалавечага жыцця, як яшчэ адна спроба зразумець магчымасці чалавека ў вірлівых катаклізмах ХХ ст. За гэтую асаблівую прывязанасць да ваеннай тэматыкі ў адрас літаратуры, у тым ліку беларускай, не аднойчы гучалі папрокі, што, маўляў, падзеі вайны займаюць зашмат месца ў мастацкіх творах, што ваеннае супрацьстаянне стала для многіх пісьменнікаў ледзь не своеасаблівай рэлігіяй. Занадта балючымі і цяжкімі былі ўспаміны аб вайне ў народа Беларусі. Таму найбольш трывалае месца ў нашай літаратуры занялі матывы чалавечых страт і чалавечага болю, расчараванняў і пакут, матывы гвалту і здзекаў з чалавечай прыроды, апісанні таго, якімі агромністымі высілкамі і далёка не ўсім удавалася выжыць і заставацца з чалавекам у ваеннае ліхалецце.
Для беларускай літаратуры найбольш трывалыя поспехі надоўга былі звязаны з распрацоўкай вострых і набалелых праблем мінулай вайны. Старажытная зямля Беларусі, з яе шматпакутным народам, якая па сваім геапалітычным становішчы знаходзіцца нібы на сямі вятрах і не раз станавілася арэнай, полем крывавых бітваў, здолела столькі вынесці, перажыць, ды не зламацца, не загібець, а выстаяць.
Адзначым дзеля справядлівасці, што вайна і ваеннае супрацьстаянне маляваліся ў беларускай літаратуры ў розныя часы па-рознаму. Умоўна можна вылучыць пяць этапаў у асвятленні падзей мінулай вайны ва ўсёй беларускай літаратуры.
Першы этап звязаны з паказам вайны перамаганоснай, маштабнай, эпахальнай, вайны народаў, франтоў, ставак, падполля і тылу, вайны партызанскай. У літаратуры панавала так званая “тэорыя бесканфліктнасці”. Жыла эйфарыя перамогі ў грамадстве. У такіх творах Беларусь паўставала ўся агні пажарышчаў (“У агні” I. Гурскага), малявалася згуртаванасць народаў перад небяспекай усеагульнага вынішчэння (“Згуртаванасць” М. Ткачова), паказваліся гераічныя старонкі змагання (“Брэсцкая крэпасць” К. Губарэвіча, “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), апісваліся