Нелюбімыя гінуць. Віктар Праўдзін

Читать онлайн.
Название Нелюбімыя гінуць
Автор произведения Віктар Праўдзін
Жанр Современные детективы
Серия
Издательство Современные детективы
Год выпуска 2021
isbn



Скачать книгу

данёсся аднекуль здалёк, і Айшэ доўга не магла ўцяміць, што ад яе хоча свякроў, калі тая паспрабавала прымусіць праглынуць заспакаяльную таблетку. Шукаючы ў паднябессі арла, Айшэ ўзняла вочы, але не адразу ўбачыла маленькую кропку.

      – Я не любіла, таму ён і загінуў, – сказала Айшэ.

      – Мой сын як сапраўдны джыгіт загінуў, абараняючы Радзіму, – холадна, з абурэннем у голасе адказала Лола. – Роду Баджыевых не сорамна за яго, і ты абавязана паводзіць сябе як жонка героя!

      Гэтае «абавязана» быццам токам працяло Айшэ. З першага дня знаёмства з Цімурам, а потым і ягонымі родзічамі яна толькі і чула, што ўсім ім нечым абавязана і ў першую чаргу, што яе прынялі ў старажытны багаты род, што яе муж – вядомы ў рэспубліцы чалавек, што за яе заплацілі непамерна вялікі калым.

      – Больш нічога я вам не абавязана, – напружана варухнуліся губы Айшэ. – Цімура няма, і я не застануся ў вашым доме.

      – Ну-ну, супакойся, дачушка, – упершыню назваўшы Айшэ дачкой, памякчэлым голасам прыхільна сказала Лола і, абняўшы нявестку за плечы, прытуліла да сябе. – Нам больш няма чаго дзяліць акрамя гора… Дый унучак народзіцца, трэба на ногі падымаць…

      Пякучыя слёзы жалю да сябе, да свайго лёсу раптоўна накаціліся на вочы, і адразу знікла, быццам растварылася, крыляючая чорная кропка ў небе. Айшэ сілілася зноў убачыць арла, яна хусцінкай выцерла вочы, але птушкі нідзе не было.

      – Цімур пайшоў назаўсёды, – выдыхнула Айшэ і, уткнуўшыся тварам Лоле ў плячо, ціха заплакала.

      Свякроў не супакойвала. Цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, яна мацней прытуліла нявестку да грудзей, моўчкі гладзіла па галаве і, быццам калышучы немаўля, ціха захісталася. Айшэ не заўважыла, як перастала плакаць і сцішылася. У гэты момант ёй вельмі карцела зноў убачыць арла, але цела здавалася нейкім чужым і бяссільным, яна не магла нават узняць галаву і расплюшчыць вейкі. Устрывожаныя пачуцці, відавочна пад уздзеяннем заспакаяльнага, паціху саступалі месца горка-шчымліваму ўспаміну, які расчульваў і больш не выклікаў брыдкага пачуцця помсты.

      Айшэ ўпершыню ўбачыла Цімура яшчэ ў школе, калі да іх запрасілі былых навучэнцаў, тых, хто ў жыцці дабіўся поспеху. На той час Цімур, майстар спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе, чэмпіён Расіі і Еўропы, быў кумірам грозненскіх школьнікаў, ягоны партрэт вісеў на ганаровым месцы побач з партрэтам генерала Дудаева. Дзяўчаты-адзінаццацікласніцы падчас сустрэчы адорвалі кожнага госця кветкамі, і Айшэ выпала паднесці букет Цімуру. Дваццаціпяцігадовы волат быў негаваркі, на ўсіх пазіраў сумнымі вачыма, а ўбачыўшы дзяўчыну, і зусім спахмурнеў. Ён доўга лупіў на Айшэ трошкі вірлаватыя калючыя вочы і, не дачакаўшыся заканчэння вечарыны, сышоў са школы, спаслаўшыся на тое, што ў яго трэніроўка. А праз тыдзень да бацькоў Айшэ завіталі сваты. Цімуру адмовілі, бо бацька і маці марылі, што адзіная дачка-выдатніца пасля школы будзе вучыцца на медыцынскім факультэце Грозненскага універсітэта.