Название | Дэманы доктара Глінскага |
---|---|
Автор произведения | Сяргей Егарэйчанка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-7210-08-4 |
– Калі не лічыць шматлікіх драпін, якія яна сама наставіла сабе, тулячыся ў руінах, можна сказаць, што яна была абсалютна цэлая. Але яе раны былі іншага паходжання. Яна страціла бацькоў і сястру, жыла некалькі дзён у панічным страху пад грукат выбухаў і стрэлаў, нічога не ела, ляжала цэлымі суткамі, звярнуўшыся абаранкам і ціхенька скуголіла. Такое лечыцца часам куды павольней, чым сапраўдныя фізічныя траўмы. Мы рэдка прымаем да сябе сірот, якія не маюць патрэбы ў медычным умяшанні, але часам мы вымушаны рабіць выключэнні.
– Эллi, раскажыце мне пра сябе. Я ведаю толькі тое, што казаў ваш бацька, але мне хацелася б большага.
– Шчыра кажучы, я нават не ведаю, што сказаць вам. Мая біяграфія досыць звычайная, за выключэннем некалькіх момантаў. Мне дваццаць дзевяць гадоў, па адукацыі я ўрач-педыятр, але амаль ніколі не працавала ў звычайных клініках. Затое шмат гадоў правяла ў валанцёрскіх місіях ААН і розных дабрачынных арганізацый па ўсім свеце. Гады тры таму я пазнаёмілася з Тамімам, і ён прапанаваў мне супрацоўнічаць з рэабілітацыйным цэнтрам Даніяла. Так я трапіла ў каманду, якая адбірае дзяцей, пацярпелых ва ўзброеных канфліктах. Яшчэ праз паўтара года я стала кіраўніком пошукавай групы, а некалькі месяцаў таму мне было прапанавана пачаць праект па стварэнні школы для дзяцей, якіх мы ўжо можам спакойна адпусціць за межы цэнтра. Я апынулася тут і занялася арганізацыяй працы гэтага пансіяната. Месяц таму мы прынялі з Дохі першых дзяцей. Вось, уласна, і ўсё.
– «Звычайная» біяграфія, кажаце? Сам я пражыў не такое насычанае жыццё.
– Не прыбядняйцеся, Якуб. Я ведаю, што вы таксама досыць пабачылі. У рэшце рэшт, мы абодва апынуліся тут, і гэта галоўнае. Я спадзяюся, што мы зможам зрабіць вельмі многае. Прынамсі, будзем старацца зрабіць.
– Якая ваша стратэгія? Вы ўжо, напэўна, прадумвалі дзеянні на бліжэйшую будучыню?
– Што менавіта вас цікавіць? – пытаннем на пытанне адказала яна.
– Усё. З чаго вы пачнеце, колькіх дзяцей вы гатовыя прыняць на Провідэнс, чаму будзеце іх вучыць і якую будучыню вы задумалі для іх?
– Ведаеце, Даніял бачыць вельмі вялікі патэнцыял у гэтай школе. Праз нейкі час яна павінна стаць амаль настолькі ж значнай часткай праекта, як і даследчая галіна. Дзеці, якіх мы бяром на навучанне, яшчэ зусім малыя, як правіла, ім ад чатырох да сямі гадоў. У Досе, у сваю чаргу, праходзяць лячэнне як маладзейшыя, так і больш дарослыя. Як з першымі, так і з другімі наша школа пакуль працаваць не можа – хаця б да таго часу, пакуль у нас не будзе напрацаваны пэўны вопыт. Такія, як Ліза, – яшчэ мяккія і падатлівыя, нібы пластылін. Мы можам ляпіць з іх тое, што нам трэба.
– І што вы хочаце зляпіць у выніку?
– Гэта самае цікавае. На думку Даніяла, незалежна ад таго, з якой сям’і паходзіць дзіця, якой яно расы і нацыянальнасці, наколькі адукаваныя былі яго бацькі, на пэўнай стадыі, пакуль яно не паддалося ўплыву акружэння, можна па цаглінках пабудаваць узровень інтэлектуальнага развіцця любога маленькага чалавечка.