Название | На парозе раю |
---|---|
Автор произведения | Зінаіда Дудзюк |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Сучасная проза Беларусі |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-581-006-4 |
– Брала. А што, хіба мы знаёмыя?
– Так.
– Прабачце, я не магу ўспомніць, дзе мы сустракаліся.
– Некалі ў нашай вёсцы Заброддзе вы бралі інтэрв’ю ў майго бацькі падчас жніва. Ён быў камбайнёрам, а я – ягоным памочнікам.
– Першае маё інтэрв’ю, калі была на практыцы! Няўжо вы той самы хлопчык? Ніколі б вас не пазнала, – сказала журналістка, акідваючы позіркам танклявую постаць міліцыянера.
– Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі…
– Сачыць – ваша прафесійнае захворванне? – засмяялася Юля.
– Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.
– Правядзіце, калі так хочацца.
– Вы не ўяўляеце, як хочацца, – адказаў ён, беручы яе пад руку.
Яна здзіўлена паглядзела на яго кірпаты профіль пад казырком фуражкі, адчула нейкі дзіўны спакой і абароненасць. Яны ішлі поруч, маўчалі.
– Я не магу ўспомніць, як вас завуць, – схамянулася Юля.
– Барыс Бабровіч.
– А бацька ваш Міхаіл Канстанцінавіч?
– Не, Кандратавіч.
– Склероз пачынаецца, – засмяялася яна. – А вы ведаеце, што я жыву ў мікрараёне, вас чакаюць транспартныя выдаткі.
– Я гатовы ехаць з вамі хоць на край свету, – адказаў хлопец, спыняючы таксі.
Як толькі селі ў машыну, Барыс назваў яе адрас. Юля моўчкі здзіўлена паглядзела на хлопца. Ехалі яны ўсяго хвілін пятнаццаць і за гэты час не прамовілі ніводнага слова, саромеючыся таксіста, толькі паглядвалі адно на аднаго, ніба вывучаючы рысы твару.
Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.
– Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць, – запэўніў яе хлопец.
– Каму патрэбны такія ахвяры? – засмяялася Юля.
– Ахвяраванне ў гонар багіні кахання, – ці жартам, ці ўсёр’ёз адказаў хлопец.
– Адкуль вы ведаеце мой адрас?
– Я ж у міліцыі працую.
– Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу, – сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.
– Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.
– Нявеста ўжо ёсць? – спытала Юля.
– Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы…
– Не размею.
– Не ўсё адразу, – усміхнуўся Барыс. – Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?
Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.
– Мяне дома чакаюць муж і дзеці, – схлусіла Юля.
– Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая.