На парозе раю. Зінаіда Дудзюк

Читать онлайн.
Название На парозе раю
Автор произведения Зінаіда Дудзюк
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Сучасная проза Беларусі
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2019
isbn 978-985-581-006-4



Скачать книгу

брудам, дык няхай хоць праз шмат гадоў іхні бруд вернецца да іх. Усе злачынныя справы абавязкова будуць выкрыты.

      – Мне не хацелася б згадваць іхнія прозвішчы па той простай прычыне, што, можа, некага з іх і жывога ўжо няма. Самі ведаеце, пра мёртвых дрэнна не кажуць. А калі ёсць у іх дзеці ці ўнукі, дык яны ж не павінны адказваць за грахі бацькоў і дзядоў.

      – Мы не суддзі, Клаўдзія Міхайлаўна. Мой артыкул нікому не нашкодзіць. Проста раскажыце пра сябе ў той скрушны для вас час, – папрасіла журналістка.

      – Безумоўна, тады мне было вельмі крыўдна і цяжка, што мяне, маладую, апантаную жаданнем працаваць, служыць радзіме, пасадзілі ў турму. Я ж прайшла вайну, была падпольшчыцай, сувязной, партызанкай, выжыла ў час акупацыі, а тут свае расправіліся ні за што. А як невыносна было пасля таго, як выйшла з турмы! Я аказалася выкрасленаю з жыцця, на працу нікуды не бралі, скрозь натыкалася на пагардлівыя позіркі.

      На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, яна выцерла іх, і, можа, толькі цяпер Юля заўважыла, зморшчаную сухую скуру на руках. Ды і твар раптам пакамечыўся, ці гэта знянацку сонца высвеціла дробныя маршчынкі, якія перакрэслілі шчокі, лоб, шыю старой.

      – Клаўдзія Міхайлаўна, прашу вас, не хвалюйцеся. Усё ж мінула. Я думала, што вы зможаце паглядзець на той час нібы збоку і не засмучацца.

      – Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.

      – Буду ўдзячная, – адказала журналістка са сваёю нязменнаю ўсмешкаю прыгожа акрэсленых вуснаў.

      Гаспадыня затрымала на ёй позірк і сказала:

      – А ў вас, напэўна, шмат прыхільнікаў.

      – Няшмат, – сумелася Юля. – А калі і ёсць, дык далёка не тыя, хто мне можа спадабацца.

      – І што ж вы робіце з тымі, хто асабліва назаляе?

      – Пасылаю куды далей, – лёгка адказала дзяўчына.

      – А калі гэта начальства?

      – Раблю выгляд, што нічога не заўважаю.

      – І не баіцеcя страціць працу?

      – Журналіст – гэта ж не пасада, а толькі чорная будзённая праца. Гані радкі дзень пры дні!

      – Шчаслівы ў вас характар. Пашанцавала вашаму мужу.

      – Я не замужам.

      – Колькі ж вам гадочкаў, калі не сакрэт?

      – Пад трыццаць.

      – Мне тады было амаль столькі ж, – усміхнулася жанчына і пайшла на кухню.

      Журналістка акінула позіркам постаць гаспадыні, яшчэ даволі стройную, са спіны і не скажаш, што гэтай жанчыне пад восемдзесят. Ёсць такія людзі з нязломным духам. Як ні гне іх жыццё, як ні круціць, а яны працягваюць існаваць, знаходзіць нейкае адхланне і радавацца кожнаму дню. Нават гэты пакой паказваў, што чалавек тут жыве неабыякавы: вялізная на ўсю сцяну шафа, набітая кнігамі, пераважна класікай, ваза з шорсткімі сухацветамі, канапа, два крэслы і круглы столік – ніводнай лішняй рэчы, не так, як гэта бывае ў некаторых старых людзей, якія завальваюць кватэры розным непатрэбным начыннем.