Название | Калядны харал |
---|---|
Автор произведения | Чарлз Дыкенс |
Жанр | Зарубежная классика |
Серия | |
Издательство | Зарубежная классика |
Год выпуска | 1843 |
isbn | 978-985-6992-24-0 |
– Дык вось, – вымавіў Скрудж, – варта яе праглынуць – і мяне да канца дзён будзе пераследаваць легіён злых духаў, створаных маім уяўленнем. Шахрайства ўсё гэта, чыстае шахрайства!
На гэтых словах прывід выдаў такі жахлівы крык, так пагрозліва і вусцішна загрымеў ланцугамі, што Скрудж з усяе моцы ўчапіўся ў крэсла, баючыся страціць прытомнасць і зваліцца. Яшчэ большая жуда апанавала яго, калі дух разматаў шалік (быццам у пакоі было занадта горача), і ў яго адвалілася сківіца.
Скрудж упаў на калені і паспрабаваў закрыць твар рукамі.
– Злітуйся! – заенчыў ён. – Жахлівая здань, навошта ты мяне катуеш?
– Дробязны розум! – прамовіў прывід. – Цяпер ты верыш у мяне?
– Веру, – прастагнаў Скрудж, – мушу паверыць. Але навошта вам, духам, хадзіць па зямлі, навошта ты прыйшоў да мяне?
– Свет створаны так, – адказаў прывід, – што душа кожнага чалавека на зямной дарозе павінная стасавацца з бліжнімі сваімі і быць з імі разам. І той, хто не выконвае гэтага ў жыцці, вырачаны рабіць тое самае пасля смерці. Ён асуджаны бадзяцца па свеце і – о, гора мне! – сузіраць чалавечыя шчасце і бяду, якія не можа цяпер раздзяліць – а калісьці мог! Калісьці ён мог быць шчаслівым!
Тут прывід зноў выдаў жудасны крык, і загрымеў ланцугамі, і заламаў свае прывідныя рукі.
– Скажы, – запытаў Скрудж дрыжучы, – чаму ты закаваны ў ланцуг?
– Я нашу на сабе ланцуг, які стварыў пры жыцці, – адказаў дух. – Я каваў яго звяно за звяном, ярд за ярдам. Я сам захацеў ім падперазацца і сам захацеў яго насіць. Хіба гэты ланцуг табе не знаёмы?
Скрудж дрыжаў усё больш.
– Можа, – працягваў прывід, – ты хочаш ведаць даўжыню і вагу ланцуга, які скаваў ты сам? Калядным вечарам сем гадоў таму ён быў такім жа цяжкім і такім жа доўгім, як гэты. Але з тае пары ты нямала над ім папрацаваў. О, гэта напраўду надзейны ланцуг!
Скрудж зірнуў на свае ногі, чакаючы ўбачыць жалезны ланцуг даўжынёй футаў гэтак у трыста-чатырыста, аднак не ўбачыў нічога.
– Джэйкаб, – узмаліўся ён, – стары сябра Джэйкаб Марлі, раскажы мне яшчэ што-небудзь! Суцеш мяне, Джэйкаб!
– Я не прыношу суцяшэння, Эбенэйзер Скрудж! – адказаў дух. – Яно прыходзіць з іншых сфераў, і іншыя пасланцы нясуць яго людзям, не такім, як ты! І расказаць табе ўсё, што я хацеў бы, я таксама не магу – мне мала што дазволена. Я не магу спачыць, не магу спыніцца, не магу дзе-небудзь затрымацца. Пры жыцці мой дух ніколі не выходзіў за межы нашае канторы – чуеш? – ніколі не пакідаў сценаў нашай мяняльнай каморкі, таму цяпер мяне чакаюць пакутлівыя падарожжы.
У Скруджа, калі ён пачынаў думаць, была звычка засоўваць рукі ў кішэні панталонаў. Разважаючы над словамі прывіду, ён, не ўстаючы з каленяў і не падымаючы вачэй, менавіта так і зрабіў.
– Ты, мабыць, не вельмі спяшаешся ў сваіх вандраваннях, Джэйкаб, – заўважыў Скрудж у сваёй дзелавой манеры, хаця не без пэўнай павагі і пакорлівасці.
– Не спяшаюся, – паўтарыў дух.
– Вось ужо