Название | Калядны харал |
---|---|
Автор произведения | Чарлз Дыкенс |
Жанр | Зарубежная классика |
Серия | |
Издательство | Зарубежная классика |
Год выпуска | 1843 |
isbn | 978-985-6992-24-0 |
– Шахрайства! – раззлаваўся Скрудж і пачаў хадзіць па пакоі. Некалькі разоў змерыўшы яго крокамі, ён зноў сеў і адкінуўся на спінку крэсла. Тут позірк яго спыніўся на даўно непатрэбным званочку, які невядома для чаго звязваў гэты пакой з памяшканнем на апошнім паверсе дома. З якім бязмежным здзіўленнем, якім невытлумачальным і неспасцігальным жахам Скрудж заўважыў раптам, што званочак пачаў гайдацца. Спачатку ён гайдаўся амаль незаўважна, так, што нічога не было чуваць, аднак хутка загучаў вельмі моцна, а за ім – і іншыя званочкі ў доме.
Звон цягнуўся, мабыць, не больш за хвіліну, аднак Скруджу падалося, што прайшла цэлая гадзіна. Раптам усе званочкі ўраз замоўклі, і пачулася нейкае бразгатанне – быццам глыбока ўнізе, у вінным склепе, нехта цягнуў па бочках цяжкі ланцуг. Скруджу адразу ж успомнілася ўсё, што ён чуў пра прывідаў: з’явіўшыся ў доме, яны абавязкова валакуць за сабой кайданы.
Дзверы склепа шумна расчыніліся, і знізу пачуўся страшэнны грукат, які паступова набліжаўся, нібыта хтосьці падымаўся па лесвіцы і цяпер спыніўся проста перад Скруджавым парогам.
– Усё адно шахрайства! – прабурчаў уладальнік кватэры. – Не веру я ва ўсялякае блазноцце!
Аднак колер яго твару істотна змяніўся, калі гэтае блазноцце спакойна прайшло праз глуха зачыненыя дзверы і спынілася перад Скруджам. У гэты момант амаль памерлы агеньчык у каміне рэзка ўспыхнуў, нібы ўсклікнуўшы: «Так, я яго ведаю – гэта прывід Марлі!» – пасля чаго зноў змізарнеў.
Так, гэта быў Марлі. Яго твар не пераблытаеш ні з чым. Яго касічка, яго звыклая камізэлька, панталоны, што шчыльна абцягвалі ногі, і боты, на якіх тапырыліся кутасікі, – і касічка таксама тапырылася, як і крыссё сурдута, як і валасы на галаве. Талію Марлі абхопліваў ланцуг, які цягнуўся за ім, як хвост. Ланцуг гэты (Скрудж вельмі ўважліва разгледзеў яго) быў сабраны з выкаваных са сталі скарбонак, ключоў, замкоў, гросбухаў, дакументаў і важкіх кашалькоў. Цела Марлі было празрыстым, і Скрудж, разглядаючы яго спераду, мог бачыць нават два гузікі ззаду яго камізэлькі.
Скрудж часта чуў, што ў Марлі няма сэрца, аднак упэўніцца ў гэтым змог толькі цяпер.
Не, ён і цяпер не быў у гэтым упэўнены, хаця і аглядаў прывід з галавы да ног, каб паверыць, што гэта не сон, адчуваючы на сабе вусцішны позірк ледзяных вачэй памерлага. Скрудж разгледзеў нават кожную нітачку шаліка, які ахутваў галаву і шыю Марлі, заўважыўшы мімаходзь, што такога шаліка той ніколі раней не насіў, – і аднак не хацеў верыць сваім вачам.
– І што далей? – як заўсёды з’едліва і холадна спытаў Скрудж. – Што вам ад мяне трэба?
– Шмат чаго! – несумненна, гэта быў голас Марлі!
– Хто вы такі?
– Спытай лепей, кім я быў.
– Ну і кім вы былі? – ужо гучней спытаў Скрудж. – Так чапляецеся да словаў… – Скурдж хацеў дадаць «што проста страх», але своечасова спыніўся.
– У жыцці я быў тваім кампаньёнам Джэйкабам Марлі.
– Вы…