Название | Завяршыць гештальт |
---|---|
Автор произведения | Макс Шчур |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-617-692-306-0 |
Каб не залазіць яшчэ глыбей у гушчар падобных спэкуляцый, нерашуча прапаную Ахмэду спыніцца на адной з аўтазаправак, што стаяць на варце абапал аўтабану ня менш пільна, чым колішнія замкі вакольных фэадалаў-разбойнікаў на варце гандлёвых рачных шляхоў – настаў час разьлічыцца за прывілей на бясплатны праезд наведваньнем платнай прыбіральні «Шэлу», «Аджыпу» або «О-Эм-Фаў», на выбар. Ахмэд, на шчасьце, ня супраць, трэба як аправіцца, так падзаправіцца; пакуль ён займаецца другім, я сьпяшаюся выканаць першае – натрапіўшы на Ахмэда яшчэ і «ў суточках», я мог бы, баюся, выпадкова яго абсікаць.
Такім чынам: паглядзім бліжэй, што новага зьявілася ў Нямеччыне цягам маёй часовай адсутнасьці? Між іншым, ня так і мала! Перадусім: пісуары без вады й запаху! Ну, без вады яны ёсьць і ў нашых вясковых барах, але бяз запаху – такога я яшчэ, сапраўды, ня нюхаў. Што яшчэ: абавязковы ў кожнай прыбіральні аўтамат цяпер прадае ня толькі гандоны, як раней, але й «міні-вібратары» – хаця зь першага разу не зусім ясна, куды й каму іх трэба засоўваць. Ясна толькі, куды й колькі кідаць манэтаў. Акрамя вібратараў, прадаецца нейкае колца для пэнісу, штучная вагіна з чароўнай назваю «Трэвэл Пуссі» (падобна зухаватыя назвы ўмеюць прыдумляць толькі ў Беларусі й толькі для бырла), і ўрэшце, каб не здавалася, што гэтага мала – гігіенічная пракладка для мужчын «Ціна-мэн»! Не, я ўсё разумею, але гэта ўжо… Адным словам, прагрэсу не спыніць. Пасьля такога дзівіцца, што нямецкі ўнітаз сам змывае вашае лайно – досыць наіўна: наадварот, дзіўна тое, што ён яшчэ сам не выцірае за вамі сраку. Што ж, усяму свой час.
Аднак ня ўсім, вядома, падабаецца гэты іхны прагрэс. Напрыклад, нейкі рускі мужык (яго я, відаць, сам наклікаў сваёй думай пра Расею) ну ніяк ня можа зразумець, куды кідаць манэту, як агораць турнікет, як замкнуць ці адамкнуць кабінку зьсярэдзіны, як зрабіць так, каб пацякла вада, дзе ўзяць сурвэтку, як уключаецца фэн для рук – праз што пачаргова лупіць па ўсіх гэтых прыстасаваньнях кулаком, натрэніраваным на тэлевізары, жонцы й субутэльніках. Пры гэтым ён уголас, быццам навокал нікога няма – яны ж па-расейску не разумеюць, знайшліся мне людзі – з кожным ударам усё гучней прыгаворвае: «Разгромить нахуй… Уничтожить…» Трапіў, што называецца, у засаду, і спрабуе адбівацца ад варожай цывілізацыі, як умее. Ажно сам не магу паверыць: дваццаць-трыццаць гадоў ужо прайшло з таго часу, калі шараговы чалавек без ружжа ўпершыню трапіў з саўка ў Эўропу, і ўсё яшчэ ніяк ня можа прывыкнуць да тутэйшых завядзёнак, хітрыкаў і непатрэбных зь ягонага