Название | Трэцяе пакаленне |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1935 |
isbn | 978-985-02-1090-6 |
– Тое ж збожжа былі знайшлі, ты ж сказала.
– А цяпер, мусіць, пра нешта яшчэ ведаеш і маўчыш?
Міхалка збялеў і анямеў. Губы яго дрыжалі. I не таму ён так збянтэжыўся, што ўсвядомліваў сабе, у якую страшную справу ён уцягнён Скуратовічам. Ён яшчэ гэтага не мог ацаніць. Ён проста ў гэты момант быў падлоўлен Зосяй у хлусні, у патаемнай змове са Скуратовічам. Памаўчаўшы, ён пачаў гаварыць:
– Я ведаю пра Скуратовіча. Ты думаеш, што быў пажар, то гэта ўжо і ўсё ў яго згарэла? Ён, можа, больш як палавіну ўсяго з поля склаў у лесніка Сцепуржынскага.
Зося раптам змоўкла і пачала думаць. Міхалка нават заўважыў, што яна як бы нечага ўзрадавалася. От яна кінулася да яго і пачала трэсці яго за плечы.
– To, значыцца, ты падумай добра, Міхалка, Скуратовічу пажар гэты не страшны?
– Ну, ён багаты, ён можа нават забудавацца, і палавіна ўраджаю ў Сцепуржынскага зложана.
– To, можа, гэта ён сам спаліў?
– Сам? Свае? Хто гэтак робіць?
– А каб развёрсткі не даваць.
– Дык хіба не ўсё адно яму, – ці аддаць на развёрстку, ці ў агні згарыць? Калі згарыць, то нават горш, бо і гумна ж і хлявоў няма. А развёрстку аддаў – і ўсё яму астанецца. – Міхалка разважаў з выглядам сталага чалавека, але праз гэтую сталасць так і свяцілася дзіцячае наіўнае здзіўленне. Зося стаяла перад ім уся ўсхваляваная; гаворачы, яна нават пачала заікацца. Міхалка пасмялеў сам у сабе, але не перад Зосяй: ён адчуў, што яна перад ім ужо сталы чалавек.
– А дзе Толік?
– Ты адно маўчы. Усе думаюць, што ён у арміі.
– А некаторыя і не думаюць.
– А Скуратовіч жа людзям ад яго лісты чытае.
– Мала, што ён чытае!
– To і ты ведаеш? Толік гэтыя лісты сам яму прыносіць і ў лесе хаваецца.
– А што ты яшчэ ведаеш?
– Больш нічога.
– Хлусіш!
– Чаму гэта я табе буду хлусіць?
– Бо хлусіш! Ты хітруеш перада мной! Можа, ты сам нават бачыў, як Скуратовіч сваё гумно падпальваў!
– Нашто яму сваё гумно падпальваць? Гэта, мусіць, бандыты нейкія.
– А можа, гэта ён сам гэты бандыт з сваім Толікам разам. Можа, гэта яны па вёсках робяць пажары і нават нашу хату спалілі, і каб на іх ніхто не падумаў, то яны і сваё спалілі, а снапы ж іх у Сцепуржынскага!
Грымаса хітрай радасці прайшла па Міхалкавым твары. Зося заўважыла гэта і штосьці хацела сказаць, але ён сам загаварыў:
– Ну, калі гэта так, то я ж яго, гада, патрымаю ў сваіх руках. Заўсёды мы з табой яго баяліся, а гэта няхай ён нас баіцца. Захачу – дык скажу і пра гэта. Тады ён мяне пазнае. Бач, які далікатны са мной зрабіўся! Дагаджае мне. Я з яго яшчэ налуплю скуры! Ён яшчэ больш будзе даваць мне ўсяго.
I ў гэтых Міхалкавых словах, і ў хітрай грымасе на яго твары была першая ўжо адзнака пачатку фармавання натуры. I грымасай, і словамі ён як бы зняважыў Зосю, як абліў яе холадам. 3 злосцю і варожасцю яна глянула на яго:
– Нашто ты яму памагаеш, гэтаму бандыту! Гэта, напэўна, ён майго бацьку і брата забіў?
– Хіба я яму памагаю?
– Мяне