Название | Пошукі будучыні |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1943 |
isbn | 978-985-15-2425-5 |
– На табе сала, на гаршчок будзе. І нікому не кажы, што гэта я табе даў. Няхай думаюць, што гэта ў цябе было, але ты не хацела спавядацца перад усімі і сказала, што няма.
Трэба было бачыць у гэты момант Волечку. Як заваёўніца свету, яна з ганарлівай павольнасцю ўвайшла ў хату і зноў пачала хадзіць ля печы. Салдат дастаў з свайго ранца бляшанку кансерваў, паставіў на стол і сказаў:
– Можа гэтым добра закрасіць гаршчок?
– Я ўжо закрасіла салам.
– А ты ж казала…
– Мала што я казала…
Немец сядзеў на лаве і прыглядаўся да ўсяго, што рабілася ў гэтай чужой яму хаце. Ужо быў прыцемак. Ужо агонь у печы згасаў. Ужо вераснёвы вечар апаноўваў цішынёй свет. Хвіліна за хвілінай, і ўсе гэтыя людзі паселі навокал стала. Волечка частавала іх патравай, якую, можа быць, і сама прыдумала з прычыны свае неспрактыкаванасці ў гаспадыньскіх справах. Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў і немец. І ўсім падабалася яда. Фельчар раптам паварушыў сваю медыцынскую дарожную пакоўню і паставіў на стол пляскатую пляшку.
– А гэтую мікстурку я ўзяў з сабою, бо думаў, што прыйдзецца ёю лячыць немца. Аж яно і добра, што ўзяў.
Гэтую чыстую, як сляза, мікстуру адным заходам выпілі ўтрох: фельчар, салдат і немец. Пасля гэтага неўзабаве шумна стала ў гэтай хаце. Салдат, заглядаючы ўсім у вочы, даводзіў, што няма на свеце лепшых дзяцей, як яго, недзе там далёка адсюль. Фельчар крычаў салдату ў твар цераз стол, што ён верыць, што ў яго слаўныя дзеці. А цяпер ён скажа пра капусту, якую ён сам садзіў, а расаду прывозіў аж з-за Слуцка. «Такое капусты свет не бачыў». Тут фельчар апомніўся, збянтэжыўся і павярнуўся да Кастуся:
– А нашто табе шукаць якой-небудзь дарогі ў свет на бадзянне? Жыві ў гэтай хаце і памагай гэтай малой жыць на свеце. Вам жа цяпер абаім важна, каб абы дзень перабыць. У яе вернецца бацька, і жыццё пачнецца, а ты – скончыцца вайна, і вернешся на сваю Вілейшчыну.
І раптам пасля гэтых слоў штосьці сталася з Кастусём. Незаўважна выйшаў ён з хаты і ўзлёг грудзьмі на біла ў возе. Цяжкі, як стопудовы камень, смутак наваліўся на яго. Родныя мясціны на Вілейшчыне, куды яму прарочыў вярнуцца стары фельчар, звязваліся ў яго ўяўленнях з бацькам. Як жа ён вернецца туды, калі ўжо бацькі няма? А калі і вернецца, то цяпер гэта ўжо не тое будзе. Коні пацерліся мысамі аб яго плечы. Ён устрапянуўся і падклаў ім сена. Як увайшоў у хату, убачыў, што Волечка спіць не раздзеўшыся на тапчане пры печы і без нічога пад галавою. Спяць дзе хто – немец, фельчар і салдат. Ён выйшаў зноў і лёг на воз. І зноў, як і тая ноч – з зорамі і цішынёй. Яна яму здалася доўгай. І вядома: вераснёвыя ночы доўгія. На світанні ён моцна заснуў. Сонца пабудзіла яго. Яно біла яму ў твар, але гэта было восеннае сонца, мяккае і лагоднае, як шчокі любага дзіцяці. З вуліцы чуліся гукі напоўненай працай раніцы. З коміна Волеччынай хаты ішоў дым. Ён спалохаўся, што праспаў нешта важнае, усхапіўся і застаў у хаце дзіўную сцэну: у залітай сонцам хаце цесна было каля той лавы, на якой раней ляжаў хворы немец. У печы палаў агонь. Ружовенькі і свежы тварам немец адной рукой гладзіў па галаве Волечку,