Название | Пошукі будучыні |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1943 |
isbn | 978-985-15-2425-5 |
– Куды ж ехаць? – сказала Волечка.
– Ну вядзі ў сваю хату, – сказаў салдат.
Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаіць карову, а на дварэ ўжо зусім сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату і малады выгнанец, які толькі што пахаваў бацьку. Ён быў босы і ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ і цёпла, на ім нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыі, і, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькі дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошніх дзён так і перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам і з рэдкімі вяснушкамі на пераноссі, ён здаваўся ціхманым і не вельмі рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе і чакаць, як і куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з паліцы збанок і накрывала яго цадзілкай.
– Пойдзеш карову даіць? – сказаў ён з няпэўнай інтанацыяй няпрошанага госця.
– Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усім гэтым заваждаліся.
– Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка і цяжка.
З аднаго толькі яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:
– Я хіба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?
– Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла, і маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне і нічога не піша мне.
Яна пайшла, і ён за ёю. Ідучы за ёю, ён запытаў:
– Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накарміць?
Яна нічога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, і той вяла перабіраў нагамі, гнучыся ў крук. Волечка і яе нечаканы госць пачалі памагаць салдату. Гуртам увялі яны немца ў хату і паклалі на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даіла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе і ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:
– Мы з-пад Вілейкі. (Волечка маўчала, як самая сталая з усіх жанчын свету.) Слухай, я там за равамі бачыў стагі. Паеду прывязу сена, дык і твайму каню будзе.
– А калі хто ўбачыць?
– Я не баюся, я выгнанец.
– Але ж гэта чужое.
– Але ж мяне не пыталі, калі з хворым бацькам з хаты выганялі.
І зноў вялікая сталасць агарнула Волечку.
– Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.
Тут яна адарвалася ад свае работы і паважна сказала:
– А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.
– Небыт. І я паездзіў з ім.
Так яны быццам згаварыліся ў нейкай ім толькі адным вядомай справе. Разумеючы адзін аднаго да канца, яны, як змоўшчыкі, зірнулі адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даіць карову, а ён ціха выехаў на пустым возе з двара.
Прайшло гадзін паўтары,