Название | Пошукі будучыні |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1943 |
isbn | 978-985-15-2425-5 |
– Як, у шуфлядзе? (Фельчар выцягнуў шуфляду ў стале.) Тут, побач іржавага відэльца, пагнутых нажніц, згрызенага мышамі клубка нітак, сярод паленых цвікоў, нейкіх старасвецкіх нажоў і ануч з паўтыканымі голкамі, сярод усёй гэтай непатрэбшчыны, вы хаваеце свой спосаб каб жыць? О, залаты ланцужок ад гадзінніка ўблытаўся ў іржавы відэлец! (Фельчар быў занадта гаварлівы, відаць, і ў Трыбуховіча ён лячыўся ад холаду.) Дык слухайце! Гэта не толькі простае багацце. Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў і гадзіннікаў, чалавечая душа такі танец справіла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца. Слухайце! Я ведаю што-нішто пра гэтыя пярсцёнкі і крыжык. Гэты немец, пакуль не трапіў у палон, на фронце, паміж баямі і пасля іх, выходзіў на здабыткі: брадзіў па полі і высочваў, дзе ляжыць забіты або ранены расейскі афіцэр, і знімаў з яго дарагія рэчы, якія той меў. Такім парадкам у яго назбіралася вось гэтае золата. Ну добра. Але вось ён захварэў і хворы трапіў у палон. Або трапіў у палон і пасля захварэў. Ён і сапраўды такі быў моцна хворы. І калі мяне да яго прывезлі, ён хваробу перамог ужо, але яшчэ быў слабы і дрэнна яму было. А тое, што яго вядуць у палон, чужыя людзі і зямля наганялі на яго чорны сум. Ён аніяк не спадзяваўся, што выжыве і што ўбачыць калі-небудзь свайго Густава, якога вельмі любіў і ныў па ім. Ён так і думаў ужо, што Густаў астанецца сіратой без бацькі навек. І вось ён, як з-пад зямлі ўжо, пасылаў вечнае развітанне свайму Густаву і ўсім, каго меў там, у Германіі. Вось тое пісьмо. Цэлымі вечарамі я калупаўся над ім. Узяў слоўнічак і нямецкую граматыку і пералажыў яго слова за словам на нашу мову: «Густаў, сынок мой, і Анна, і Берта, і ўсе, каго я люблю і сохну па кім у апошнюю сваю часіну! Нам суджана больш ніколі не ўбачыцца. Я ўміраю ў чужых людзей у палоне. Ведайце навек, што я толькі і думаў, што пра вас і асабліва пра цябе, мой любы Густаў. Дзеля твае, Густаў, будучыні я ваяваў. Я прынёс бы табе спосаб на цудоўнае жыццё да самай твае старасці. З арандатараў чужой зямлі мы сталі б уласнікамі хоць і не аграмаднага, але маёнтка. Ты быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Я ўжо ўсё быў зрабіў дзеля гэтага, але смерць, якая стаіць каля мяне, ужо вырывае з мяне душу і тваю будучыню. Божа, злітуйся! Але надзеі ўжо няма. Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзі. Бывайце навек. Вось месца, дзе я ўміраю. Ведайце і яго, усё ў жыцці можа быць, можа, калі каго з вас лёс занясе сюды, дзе будуць мае косці. Я ўміраю ў палоне… Грудзі мне муляе тое, што я здабыў табе, Густаў, на вайне і што не суджана ўзяць табе ў рукі. Канец мой падышоў».
– Ну, чулі? Гэта яму золата муляла. Гэта за яго Густаў стаў бы памешчыкам. Я і сам дзіўлюся – няўжо за яго цэлы маёнтак льга купіць? А можа, у Нямеччыне цана на зямлю такая малая? Э, ого, ого! Дык жа ў адным пярсцёнку дарагое каменне! А Божа! А на гадзінніку што выпісана! Граф Паліводскі! Ну няўжо і граф на вайне бывае забіты або ранены? Як той казаў – вайна не толькі лье кроў, але і кожную брудную душу выверне на паказ свету.