Название | Пошукі будучыні |
---|---|
Автор произведения | Кузьма Чорны |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1943 |
isbn | 978-985-15-2425-5 |
– Добра, а за клопат вазьмуся можа нават і заўтра.
– А за які клопат?
– Ну, каня табе змяніць, рэштку бервеньчукоў перавезці з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставіць, браму зрабіць, жыта ў млын, змалоць…
І пайшла тая ноч, месячная, добрая, ціхая, а к раніцы зноў схмурнела неба і пачаў падаць мокры снег. Тады пад раніцу яны, кожны па-свойму, саснілі нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы і з заплюшчанымі вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы – гэта ў яе, а ў яго – рагатаў і танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалі боты і кашулю. Гэта быў граф Паліводскі. Кастусь прачнуўся і думаў, ці сапраўды гэтакі мог быць той невядомы Паліводскі, а Волечка прахапілася з енкам і крыкам: «Ой, ой, Божачка!»
– Што, што? – абазваўся ён.
– Ой, ой, Паліводскі!.. А хто гэта тут у хаце?
– Гэта я, – крыкнуў Кастусь.
– Хто?
Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзіноты і не прывыкла да яго. Ён падбег да яе і ўбачыў, што яна дрыжыць.
Колькі раз, жывучы ўжо адна, без бацькі, яна так прачыналася раніцамі ад непрыемных ці страшных сноў! І прывыкала ў адзіноце сваімі сіламі гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка і адразу згінуў сон, і яна ўсміхнулася, яшчэ з заплюшчанымі вачыма.
– О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.
І па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.
– Уночы я выходзіў глядзець коней, ужо на дзень ішло. Мокры снег гразі даў. А конь твой ужо ані нічога не з'еў – нават і не зачапіў сена. Ты нічога не думай. Мой конь зусім малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькі папраўляйся.
– Я ж папраўляюся. Хіба ты не бачыш?
– А на дварэ ўжо і апошняе лісце з ігрушы асыпалася за ўчарашні дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», – думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае – смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:
– Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.
Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага