Название | Коннік без галавы |
---|---|
Автор произведения | Майн Рыд |
Жанр | Литература 19 века |
Серия | |
Издательство | Литература 19 века |
Год выпуска | 1865 |
isbn | 978-985-01-0153-2 |
Адстаўны капітан з цяжкасцю прымушаў сябе жартаваць. Як і ўсіх астатніх, яго прыгнятала нядобрае прадчуванне.
I не дзіва.
З паўночнага боку над прэрыяй раптоўна з’явілася некалькі калон. Яны не мелі акрэсленай формы і пастаянна мяняліся па велічыні і абрысах; то яны стаялі нерухома, то слізгалі па абвугленай зямлі, нібы волаты на канях, выгінаючыся і нахіляючыся адзін да аднаго, быццам у фантастычных фігурах нейкага дзіўнага танца. Уявіце сабе легендарных тытанаў, якія ажылі на прэрыі Тэхаса і скакалі ў шалёнай вакханаліі.
Было зусім натуральна, што падарожнікаў ахапіла трывога, калі яны заўважылі гэту нябачаную з’яву, нікому з іх не вядомую. Усе былі ўпэўнены, што набліжаецца стыхійнае бедства.
Пры першым жа з’яўленні гэтых загадкавых фігур абоз спыніўся; негры-пешаходы, таксама як і вазніцы, ускрыкнулі ад жаху; мулы пранізліва зараўлі.
З боку чорных вежаў даносіўся вейкі гул, падобны на шум вадаспада; час ад часу ён перабіваўся трэскам нібы ружэйнага стрэлу ці грукатам аддаленага грому.
Шум нарастаў, станавіўся больш выразным. Невядомая небяспека набліжалася.
Падарожнікі аслупянелі ад жаху, і Калхаўн не быў выключэннем – ён ужо больш не спрабаваў жартаваць. Усе позіркі былі скіраваны на свінцовыя хмары, што завалаклі неба, і на чорныя гмахі, якія набліжаліся, здавалася, для таго, каб раздавіць вандроўнікаў.
У гэту прыгнятальную хвіліну раптам пачуўся крык з процілеглага боку, і хаця ў ім чулася трывога, ён усё ж нёс заспакаенне.
Азірнуўшыся, падарожнікі ўбачылі конніка, які імчаў стрымгалоў.
Конь быў чорны як сажа, такога ж колеру быў і коннік, не выключаючы твару. Але, нягледзячы на гэта, яго пазвалі: гэта быў той самы незнаёмец, па следу якога яны ехалі.
Дзяўчына ў карэце першай пазвала яго.
– Наперад! – усклікнуў незнаёмец, набліжаючыся да каравана. – Наперад, наперад! Як мага хутчэй…
– Што гэта такое? – разгублена запытаў плантатар, ахоплены страхам. – Нам пагражае небяспека?
– Так. Я не чакаў гэтага, калі пакінуў вас. Толькі даехаўшы да ракі, я ўбачыў грозныя прыметы.
– Чаго, сэр?
– Норда.
– Вы так называеце буру?
– Так.
– Я ніколі не чуў, каб норд быў небяспечны – хіба толькі караблям на моры, – умяшаўся Калхаўн. – Я, канешне, ведаю, што ён нясе з сабой пранізлівы холад, але…
– He толькі холад, сэр. Ён прынясе нешта горшае, калі вы не паспяшаецеся схавацца ад яго… Містэр Пойндэкстэр, – звярнуўся коннік да плантатара нецярпліва і настойліва, – вы і ўсе вашы людзі ў небяспецы. Норд не заўсёды бывае страшны, але гэты… Гляньце! Вы бачыце гэтыя чорныя смерчы?
– Мы глядзім на іх і не можам зразумець, што гэта такое…
– Гэта вестуны буры, і самі па сабе яны не страшныя. Але глядзіце вунь туды… Ці бачыце вы гэту чорную хмару, што завалакла неба?.. Вось чаго вам трэба баяцца! Я не хачу палохаць вас, але павінен сказаць, што яна нясе з сабой смерць. Яна рухаецца сюды. Выратаванне толькі ў хуткасці. Паспяшайцеся,