Название | Коннік без галавы |
---|---|
Автор произведения | Майн Рыд |
Жанр | Литература 19 века |
Серия | |
Издательство | Литература 19 века |
Год выпуска | 1865 |
isbn | 978-985-01-0153-2 |
Але яна не была ядавітай. Гэта быў усяго толькі вуж, да таго ж самы бясшкодны, з той разнавіднасці змей, якія ў прастамоўі называюцца «курачкамі», у спісе паўночна-амерыканскіх змей яны лічацца сярод самых буйных.
Твар Зеба выражаў цікаўнасць, і то не вельмі вялікую. Паляўнічы не здзівіўся і не перапалохаўся нават тады, калі вуж падпоўз да самай вяроўкі і, крыху падняўшы галаву, уткнуўся прама ў яе.
Пасля гэтага наогул нечага было баяцца; змяя адразу павярнула і папаўзла назад.
Секунду ці дзве паляўнічы прасядзеў нерухома, сочачы за тым, як змяя адпаўзае. Здавалася, ён быў у нерашучасці – праследаваць яе, каб знішчыць, ці пакінуць без увагі. Калі б гэта была грымучая, коп’егаловая ці макасінавая змяя, ён бы наступіў ёй на галаву цяжкім абцасам свайго бота. Але бясшкоднай «курачцы» яму не было за што помсціць. Гэта было відавочна са слоў, якія паляўнічы прамармытаў, пакуль змяя павольна адпаўзала:
– Беднае стварэнне! Хай сабе паўзе дадому. Праўда, яна высмоктвае індычыя яйкі і гэтым скарачае індычы род, але ж гэта яе адзіная ежа, і няма чаго мне на яе злавацца. Аднак на гэтага праклятага дурня я страшэнна злы. Вось з кім мне хацелася б паквітацца, толькі б не пакрыўдзіць яго гаспадара!.. Ёсць! Здорава прыдумаў!
Пры гэтых словах стары паляўнічы ўскочыў на ногі, выраз яго твару стаў хітрым і вясёлым, і ён пабег даганяць вужа.
Некалькіх крокаў было дастаткова, каб дагнаць змяю. Зеб кінуўся на яе, растапырыўшы ўсе дзесяць пальцаў. Праз секунду яе доўгае бліскучае цела ўжо выгіналася ў яго руцэ.
– Ну, містэр Фялім, – усклікнуў Зеб, – цяпер трымайся! Калі я не напалохаю тваю баязлівую душу так, што ты не заснеш да ранку, то я дурань, які не можа адрозніць сарыча ад індыка. Пачакай жа!
I паляўнічы накіраваўся да хаціны; ціхенька пракраўшыся пад яе ценем, ён пусціў вужа ўнутр кола з вяроўкі, якім Фялім акружыў сваё жыллё.
Вярнуўшыся на сваю травяную пасцель, паляўнічы яшчэ раз нацягнуў коўдру і прамармытаў:
– «Курачка» не перапаўзе цераз вяроўку – гэта напэўна; ясна і тое, што яна аблазіць усё, шукаючы выхаду. I калі змяя праз паўгадзіны не забярэцца на гэтага ірландскага дурня, то Зеб Стумп сам дурань… Стой! Што гэта? Чорт вазьмі, ці не ўжо?
Калі б паляўнічы хацеў сказаць яшчэ што-небудзь, то ўсё роўна не было б чутна, таму што падняўся такі неверагодны шум, які мог бы разбудзіць усё жывое на Аламо і на адлегласці некалькіх міль у наваколлі.
Спачатку пачуўся немы крык ці, дакладней, лямант – такі, які мог вырвацца толькі з глоткі Фяліма О’Ніла.
Затым голас Фяліма патануў у хоры сабачага браxy, конскага фыркання і ржання; гэта працягвалася без перапынку некалькі хвілін.
– Што здарылася? – спытаў мустангер, саскочыўшы з ложка і навобмацак прабіраючыся да ахопленага жахам слугі.– Што на цябе найшло? Ці ты ўбачыў прывід?
– О, майстар Морыс, горш! На мяне напала змяя! Яна мяне ўсяго пакусала!.. Святы Патрык, я бедны, прапашчы грэшнік! Я, мабыць, зараз памру…
– Пакусала