Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

наконт дохлай казюркі замест рамантычных караляў гэта мы ўсе спазналі…– прамармытаў Улад, і чуйнае вуха Зосі ўлавіла за няўцямнымі словамі таямніцу, як вопытная гаспадыня па першым вуркатанні вару пазнае, што гарбату трэба здымаць з агню.

      – Уладзе, ану расказвай, што зараз успомніў! Мы ж дамаўляліся – ніхто не адмаўчыцца.

      Малады чалавек паціснуў плячыма:

      – Вы будзеце расчараваныя. Ні двубою за чароўную даму, ні сустрэчы з прывідам я не перажыў. Мая гісторыя, вядома, будзе тэатральная.

      Гісторыя пра начны спектакль у Менскім тэатры

      Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ свята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр – сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыццё маё складзецца цікава і слаўна, не горш, чым у маленькага, аднойдзенага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Не самая горшая, як я пасля ўпэўніўся, але і нічым не лепшая за іншыя местачковыя трупы. Герой-палюбоўнік з увесьчасна напудраным тварам і завітымі, як у Антыноя, кудзеркамі (ён паласкаў горла мятнай мікстурай – дзеля прыемнага паху і мяккасці голасу); гераіня, падобная да высушанага аеру, у якім жыве крыклівая птушка бугай; субрэткі з вуснамі сардэчкам і марай пра шчодрага і непатрабавальнага купца першай гільдыі; комік з фіялетавым носам; сівагаловы «высакародны бацька» з надзвычайным уменнем лаяцца з дапамогай медыцынскіх тэрмінаў, кшталту «Ах ты клісцір няшчасны, трахеатамію тваю перытаніт»… Гэта быў свет штучны і прыўкрасны, грубы, прыніжаны – і высокі. Свет блазнаў і фігляраў, далучаны да вышэйшых ісцін. Касцюмы іспанскіх грандаў з грубага паркалю, упрыгожаныя распушанай вяроўкай і апырсканыя залатой фарбай… Кардонны месяц на прэнце і сасновая вада, якой палівалі сцэну перад кожным спектаклем, каб не ўздымаўся віхурай вечны пыл… Я блытаўся за кулісамі, стараючыся як найчасцей патрапіць на вочы рэжысёру, пану Рэўзару, мажному, як старасвецкі буфет, дзядзьку з неверагодна пышнымі вусамі і сінім аксамітным бантам замест гальштуку, і быў неверагодна шчаслівы, калі мне давяралі патанчыць у натоўпе нямецкіх сялянаў, што сустракалі свайго герцага з крыжовага паходу, альбо пастаяць з пыльным, як вясковая дарога ў сухмень, апахалам ля трона ўсходняга цара. Атрымліваў я такія капейкі, што каб не пусціў мяне таварышаваць Арцёмка Растаргуеў, артыст на другіх ролях і горкі прапойца, туліўся б я ў начлежцы ў Траецкім… Так, са шкляным богам здраджвалі пані Мельпамене многія ейныя служкі… Трупа страчвала чальцоў, як рота на поле бойкі. Тым больш час быў трывожны, пачыналася вайна, у горад увесь час сцягваліся вайсковыя часткі, што давала тэатру публіку, але не дадавала веры ў будучыню. Адсутнасць тае веры спраўджвалася знікненнем у горадзе цукру, солі і мукі. Нават свечкі стала не купіць… Некалькі артыстаў мабілізавалі… Мне было сямнаццаць, але выглядаў я на ладнага дзецюка. І мне паступова пачалі даручаць ролі са словамі. Што, акрым гонару, давала права на атрыманне