Название | Рух |
---|---|
Автор произведения | Алесь Пашкевіч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-985-7119-64-6 |
– Ну так… Мы жывём у Пецярбурзе, я на службе там… па ваеннай лініі.
Генрых фон Люцыус яшчэ доўга выказваў сваё здзіўленне нечаканай сустрэчай, пасля чаго прапанаваў сваю кампанію ў падарожжы да Парыжа, балазе ў яго таксама заканчваўся санаторны тэрмін.
– Першы прыпынак зробім, натуральна, у Вене. Затым праз Зальцбург – у Люцэрн. Рэкамендую чыгункай дабрацца да цудоўнейшай гары Пілатус… Перакананы, што чалавеку з такім прозвішчам – Берггара – гэта будзе цікава! Паплаваем па тамтэйшым возеры, а адтуль – у горна-альпійскі Андэрмат! Я пакажу вам знакаміты Чортаў мост, які пасля перавала Сен-Гатард з баямі пераадольваў ваш Сувораў! Затым паўз каскады бурлівай Роны конна дабярэмся да чыгункі і – наперад да казачнага Мантро на Жэнеўскім возеры! І – праз Понтарлье – у Парыж! Згодны? Толькі не кажыце, што не зможаце…
Ну хто ж ад такога адмовіцца?!
І ўсё было найвыдатна. Праўда, апошнія суткі дарогі па Францыі даліся цяжка: вагон адчайна хістала (напэўна, спазняліся), і ноччу не спалася… – Я думаў, што буду нудзіцца ў самоце, а тут лёс падараваў мне радасць сумеснага падарожжа ў вашай прыемнай кампаніі! – фон Люцыус пры развітанні быў нястомна галантны і мілы. Яго дойч здаваўся мяккім і напеўным, амаль родным. – Жадаю вам прыемных дзён у Парыжы. Ну і, спадзяюся, не адмовіце мне яшчэ ў адной сустрэчы. Хачу пазнаёміць вас са сваёй палавінкай. На жаль, у Клары ўжо закончыліся гастролі, на спектакль запрасіць не магу. Але… ведаю някепскі рэстаран – «Viktoіrе», каля Марсавага поля, насупраць Енскага моста. Рахунак прашу дазволіць аплаціць мне. Да сустрэчы а сёмай вечара заўтра… І вось яны – Люцыусы і Бергі – за шыкоўным сталом з па-французску вытанчанай вячэрай. З п’янлівым віном і нядаўнімі ўспамінамі.
– Клара, ты не паверыш! – ажыўлена жэстыкуляваў Генрых. На яго высокі лоб спадаў залацісты чуб, які нашчадак тэўтонцаў мусіў раз-пораз укладваць за вуха. – На зальцбрунскім курорце я паспытаў «татарскі біфштэкс»! Гэта штосьці… Мы доўга хадзілі па ўзгор’і і страшэнна прагаладаліся. Папрасілі ў бліжэйшай сталоўцы чаго-небудзь гарачага, грунтоўнага. А там – толькі лёгкія халодныя закускі… І тады мой сябар Віктар настойвае на мясной порцыі. Нам і прапанавалі той біфштэкс. Ты ж ведаеш, Клара, як я люблю біфштэкс, таму ахвотна пагадзіўся. А нам падалі накрышанае сырое мяса ў анчоўсах з сырой цыбуляй! Аднак з якім імпэтам мы яго знішчылі – ты б бачыла!..
Сябрына смяялася. Генрых узнімаў келіх, смачна выпіваў і няспешна закусваў, моцныя жаўлакі абуджаліся на прадаўгаватых сківіцах.
Віктар – як сапраўдны палкоўнік – прапанаваў тост за прысутных дам. Выпіў, задаволена прысеў і паправіў на манжэтах срэбныя зáпінкі, – здавалася, што яны нязграбна чапляліся за канты рукавоў пінжака (аніяк не мог прывыкнуць да цывільнай вопраткі). У гэты момант пад бляскам пенснэ ў ягоных зрэнках закіпаў шакалад.
– Але вы, гер Генрых,