Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова

Читать онлайн.
Название Гняздо-2 (зборнік)
Автор произведения Паліна Качаткова
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2016
isbn 978-985-7021-99-4



Скачать книгу

стаяла яе сіняя машына. Я так даўно не бачыла Лену.

      Сяброўства заўсёды цікавіла больш, чым каханне. З каханнем усё зразумела. А сяброўства больш тонкае. Роднасную душу знайсці складана. Каханне звязанае з целам, сяброўства – толькі з душой. Каханне мае матэрыяльны грунт. Што ні кажы, але з целам звязанае яно. Не веру я ў бесцялеснае каханне. Віва сяброўства! Як кажа адна вельмі разумная журналістка з Астраўца, «у сяброўстве не раствараешся так, як у каханні, – застаешся сабой. У сяброўстве няма таго магнетызму, як у каханні, калі без «прадмета» і не дыхаецца. Сяброўства – гэта дадатковая ступень свабоды, таму што ты ведаеш: на свеце ёсць чалавек, які дакладна за цябе. І ты за яго таксама».

      Вось так, «сяброўства – гэта дадатковая ступень свабоды», гэта ж як добра сказана! Менавіта ступень свабоды, а не яшчэ адна ступень эмацыйнай залежнасці.

      І яшчэ – з сяброўкамі дзяцінства агульнае застаецца на ўзроўні падсвядомасці. І яшчэ яны памятаюць пра цябе тое, чаго не памятаеш ты пра сябе.

      – Ці не бачыла ты сабаку? – спытала Лена.

      Я яшчэ не зусім адышла ад зялёнага мятнага сну. Стаяла на панадворку ў піжаме. Не разумела, пра што яна кажа.

      – Сабака, пабег у твой бок. Ці бачыла ты яго?

      І яна пачала распавядаць пра сабаку. Што некалькі дзён, дзе б яна ні ехала па горадзе, трапляўся ёй на вочы непрыкаяны вялікі сабака, які бег то па ходніку, то па праезнай частцы.

      – Быццам яму ўсё роўна – жыць ці памерці. Бяжыць без ежы, без вады, – сказала Лена. – Я пачала думаць, што гэта, можа, знак мне… Куды я, туды і ён. Калі ўбачыш сабаку, скажы мне. Ой, я так даўно не была ў вашым садзе, засумавала. Пакажы мне сад.

      Мы прайшлі ў сад. Там Лена адразу знайшла сабе ў траве галіны ад канадскага клёна, якія добра падыходзяць, каб падвязваць памідоры, і папрасіла падрыхтаваць іх для яе – пасячы сякерай. А яна забярэ пазней.

      – А як твая дачка? – спытала я ў яе. Дачка выйшла замуж у Амерыку. Пазнаёмілася з мужам, марскім афіцэрам, у Эміратах, дзе спявала ў бары.

      – Запісалася на кастынг… Паедзе голас спрабаваць, упершыню самастойна 500 кіламетраў да Лос-Анжэлеса. А правілы руху адрозніваюцца ад нашых, там на чырвонае зусім нельга паварочваць. Гэта дачка мне сказала: «Мама, прыблудныя сабакі забіраюць усё кепскае, калі іх прытуліць».

      Лена распавяла, што цяпер працуе на фірме, якая гандлюе сілікатнымі блокамі, а ў музычнай школе толькі на 0,5 стаўкі.

      І слушна зрабіла: працу трэба мяняць час ад часу; калі нехта кажа пра працу «мы адна сям’я», гэта насцярожвае і хочацца сказаць: «Праца – не сям’я, так не бывае». Гэта проста маніпуляцыі, каб знішчыць дыстанцыю, каб пасля на правах «блізкага чалавека» лезці ў душу і там таптацца.

      І яшчэ я паказала ёй мансарду, там гарышча раней было, а мы падлогу зрабілі.

      – А вось тут мы з табой шукалі патаемныя куткі… Тут васількі сушылі.

      Была ў нас такая гісторыя з васількамі. У 1978 годзе ў аптэцы мы прачыталі аб’яву, што за кілаграм здадзеных васількоў даюць 10 рублёў. Яшчэ там быў таямнічы «лікаподзій», за кілаграм якога давалі 15 рублёў.