Название | Гняздо-2 (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Паліна Качаткова |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2016 |
isbn | 978-985-7021-99-4 |
– Які дождж?!
– Хіба не чуеш, як шуміць?
– Шуміць? Гэта галубы топчуцца па карнізе.
– Галубы ўжо спяць.
Аранжавая лямпа напаўняла пакой роўным нязыркім святлом. Дождж падаў за акном, буйныя кроплі біліся аб цынкавы карніз. Жэнік плюхнуўся на канапу і сказаў:
– Жыццё такое дурное…
– Жыццё дурное, – паўтарыла Янка. – Але апошнім часам у мяне пачынае ўзнікаць сумненне: ці гэта жыццё дурное, ці ўсё ж такі я дурная.
– Чаго?
– Мне нядаўна распавялі трагічную гісторыю пра каханне, я рагатала, не магла супакоіцца.
– Раскажы.
Жэнік выцягнуў з вазы засушаны гваздзік і па адным абдзіраў яго пачарнелыя пялёсткі.
– У гэтай дзяўчыны быў хлопец. Літовец. Вельмі разумны. Разбіраўся ў філасофіі, вучыўся ў політэхнічным інстытуце. Яны цалаваліся на вуліцы.
– Гэта ўжо натуралізм, – Жэнік выцягнуў з вазы яшчэ адзін засушаны гваздзік.
– Так, але гэта яшчэ не ўсё. Ёй казалі, што ў яго шмат «дзяўчат», але яна «не верыла».
– Чаму?
– Не ведаю. Аднойчы вечарам яна ішла па вуліцы і пабачыла, як ён у падваротні цалуецца з іншай дзяўчынай. Яна падышла і сказала па-руску: «Девушка, не верьте ему, он вас обманет!» А мужчына сказаў: «А, прывітанне, і ты тут?» Клас?
Жэнік засмяяўся і сказаў, што ва ўсім гэтым выразна праглядаюцца фальклёрныя матывы, што сюжэт гэты можа спакойна вандраваць ад адной трагічнай гісторыі да другой. Але ўсё роўна смешна.
Янка пайшла на кухню гатаваць каву. Пакуль грэлася вада, яна глядзела ў акно. Было цёмна, густы дождж барабаніў у шыбу. Двор быў пусты, белыя ліхтары свяціліся ў халодным змроку. Чорныя вадзяныя патокі несліся па асфальце да закратаванага люка. Вада каля люка віравала, у віры круцілася нешта белае, як падалося Яне, ануча.
«У кагосьці бялізну з балкона знесла», – падумала яна. Праз двор да тэлефона-аўтамата прабегла жанчына ў светлым плашчы. Можа, хуткую трэба выклікаць? Пры такім жахлівым надвор’і каму хочаш можа зрабіцца блага. На кухні пахла кавай. Жанчына ад тэлефона вярталася да свайго пад’езда. Каля люка яна крыху памарудзіла. Хацела пераскочыць? Кава закіпела, вылілася на пліту. Янка хуценька выключыла газ. І калі зноў глянула ў акно, жанчына знікла, толькі ў віры над люкам вада круціла нешта светлае. Дождж шапацеў, заглушаў усе іншыя гукі. Янка, якая заўсёды сумнявалася ў рэальнасці навакольнага свету, не знайшла ў гэтым здарэнні нічога дзіўнага. Разліла па філіжанках каву і панесла яе ў залу.
На сцяне была налеплена паштоўка: заснежаны пляж, мол, халоднае мора.
– Што гэта? – спытаў Жэнік.
– Мой любімы краявід.
Паштоўка вісела на сценцы даўно, таму ніхто ніколі не мог бачыць надпісу на яе адваротным баку. «Да сустрэчы ў Сінгапуры!» – было напісана там. Янка заўсёды помніла пра гэта; калі глядзела на любімы краявід, то паўтарала ў думках: «Да сустрэчы ў Сінгапуры… Да сустрэчы ў Сінгапуры…» Гэту фразу можна было прагаворваць на розныя лады, у залежнасці ад настрою.
– У