Название | Шалом |
---|---|
Автор произведения | Артур Клінаў |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2011 |
isbn | 978-985-6991-08-3 |
Андрэ зрабіў глыток з бутэлькі.
– У вас тут гэткае ж паскудзтва! Мастак, як сабачае лайно, – таксама нікому не патрэбны. Так, шпурляюць яму падачкі з панскага застольля, каб ня здох з голаду альбо, крый божа, не ўзбунтаваўся, як Шыкельгрубэр!
– Хто?
– У Адольфа прозьвішча такое было – Шыкельгрубэр. Ён напачатку таксама вялікім мастаком жадаў стаць, а потым з галадухі ўзбунтаваўся ды ўсю Эўропу на вушы паставіў!
Тут Андрэ прыгадаў, што амаль суткі нічога ня еў. «Добра, ня страшна! – сказаў ён сабе. – Затое «Егермайстар» лепш уставіць». На галодны страўнік «Егермайстар» сапраўды клаўся някепска, і пасьля некалькіх глыткоў Андрэ ўжо адчуваў добры прыход. Ён зрабіў яшчэ адзін ладны глыток, усё болей запальваючыся, працягваў:
– Ты думаеш, калі па тэлевізары ў навінах перадалі, што нейкую там карціну купілі за сто мільёнаў баксаў, гэта нешта азначае? Бздуры! Сабачае лайно! Да мастака гэта ня мае ніякага дачыненьня! Чыстай вады шоў-бізнэс! Як бы табе растлумачыць?.. Ну, да прыкладу, ёсьць дзьве калоды картаў. На кожнай карце напісана імя. У адной калодзе пяцьдзясят імёнаў. У другой – дзьвесьце тысячаў. Калі ты ў першую калоду патрапіў, то цябе тусуюць усюды – музэі, тэлебачаньне, вокладкі часопісаў, сотбісы розныя! І пяцьдзясят найбагацейшых пінгвінаў на тваё імя стаўкі робяць! Велізарныя грошы за твае працы даюць, купляюць, перапрадаюць, паветра напампоўваюць. Бо, па сутнасьці, карціна й ёсьць паветра на палатне, пустэча! Што ў ёй можа каштаваць сто мільёнаў?! Але калі ты ў другой калодзе засеў, калі ў вялікую гульню цябе не запрашаюць, то, што б ты такога геніяльнага ні зрабіў…
– Які клясны капялюш! Я цябе ў ім адразу заўважыла, калі ты яшчэ швэндаўся па вакзале й лупіў вачыма па вітрынах з сасіскамі, – Інгрыд нечакана перапыніла яго, прысунулася зусім блізка й працягнула да шалома далоні.
Андрэ раптам адчуў дотык цеплыні, якая зыходзіла ад яе, пад імжыстым дажджом прасочвалася праз калючы швэдар і недзе ўнізе зьбіралася мяккім ласкавым воблакам. Твар Інгрыд быў зусім блізка. Ён чуў яе дыханьне, бачыў маленькія кроплі на шчоках, лёгкі пушок ледзь прыкметных вусікаў над верхняй губой. Ён адчуў, як нейкая жывёльная сіла вабіць яго да гэтага пракляпанага скуранога эксцэнтрычнага анёлка. Не вытрымаўшы, Андрэ паклаў рукі на яе талію, затым апусьціў ніжэй. Пад шурпатай паверхняй джынсаў гуляла напружаньнем цела, якое хацелася схапіць, прыцягнуць да сябе, угрызьціся ў яго, як у сакавіты горка-салодкі яблык.
– Пайшлі да мяне, пакажу свае малюнкі. Я жыву непадалёк, з маім бойфрэндам. Ён, вядома, поўны прыдурак, але зараз у яго рэпэтыцыя. Думаю, у хаце ён ня хутка аб’явіцца!
Не адрываючы погляду ад вачэй Андрэ, фасбіндэраўскі анёлак зрабіў глыток з бутэлькі, і яны рушылі на кватэру, якая сапраўды месьцілася зусім блізка, у адным з прывакзальных кварталаў.
У хаце Інгрыд, як і варта было чакаць, панаваў мастацкі раздрай.