Название | Шалом |
---|---|
Автор произведения | Артур Клінаў |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2011 |
isbn | 978-985-6991-08-3 |
Піцер уставаў рана, і звычайна на золку Андрэ скрозь сон ужо чуў яго варушэньне. За невялікімі паўкруглымі вакенцамі склепа пачыналі грукатаць трамваі, якія заўсёды прачыналіся раней за іншых. Потым дадаваліся крокі мінакоў, якія рухаліся па ходніках, адкідваючы цені сваіх ног на цюлевыя фіранкі майстэрні. Затым прастора за вокнамі напаўнялася галасамі, гукамі, шоргатам шынаў, сьвістам тармазных калодак, звонам кляксонаў, сьмяшкамі, кашлямі, мацюгамі. Андрэ падымаўся і з крыху заспанай фізіяноміяй выходзіў на вуліцу, каб зрабіць першы глыбокі глыток новага дня. Зьзяла сонца, неба было высокім і бясконца блакітным. Вуліца ўпіралася ў Тучкаў мост, які паўколам уздымаўся над ракой і, здавалася, таксама сыходзіў у неба, у цудоўнае чыстае неба яго будучага жыцьця, якое выпроствала над ім свае загадкавыя крылы.
Прыемнае радаснае прадчуваньне заварушылася недзе глыбока ўсярэдзіне. «Аднак пара!» – падумаў Андрэ, устаў і накіраваўся ў ванную. Сумневы больш ня мучылі яго. Узяўшы душ не здымаючы шалома, ён насуха выцер яго і зноў паглядзеўся ў люстэрка.
Цяпер ён заўважыў, што львы былі абсалютна аднолькавыя, кожны ўяўляў дакладную сымэтрычную копію другога. У яго нават прасьлізгнула думка, што леў насамрэч адзін, а ў лапах ён трымае ня шчыт, а сымбалічнае люстэрка, у якім бачыць свой адбітак. Праўда, рыба па цэнтры ламала сымэтрыю. Яе трэба было разьмясьціць вэртыкальна, што таксама было б сымбалічна. Нібыта яна сасьлізгвае са шчыта, як сэнс, і праз залаты шпіль узносіцца ў пустэчу.
Зірнуўшы на сябе яшчэ раз, Андрэ падумаў, што ўсё-ж такі гэта шалом генэрала. Інакш нахрана ў акопе такая цацка, што блішчыць за сто кілямэтраў, так і просячыся ў бінокаль якому-небудзь мудаку з процілеглага акопу?
Ён уявіў на імгненьне, як нейкі незнаёмы мудак, накшталт таго, што душыў яго ўначы, доўга назірае за ім у пэрыскоп, а затым гучна загадвае:
– Батарэя! Гаўбіцу зараджай! Плі!!!
І вось ужо здаравенны снарад памерам зь вядро набліжаецца ў цемры да ягонай галавы з таго боку люстэрка.
«Не, – перапыніў яго палёт Андрэ, – гэткі шалом неабходны для парадаў, каб вітаць армію, седзячы на белым кані!»
Сьпехам нешта зьеўшы, ён пералічыў рэшту грошай. Пятнаццаць эўра ды нейкая дробязь. «Добра, па дарозе нешта прыдумаецца». Узяўшы заплечнік, ён прыкінуў, што можна пакінуць тут, каб не абцяжарваць падарожжа непатрэбным грузам. У першую чаргу ён адклаў убок грувасткія каталёгі, што надарылі яму жаўнеры мастацтва падчас пленэру. Зь лёгкім сумам пагартаўшы, кінуў туды ж і альбом Франкі.
– Пасьля іх хоць каталёгі застануцца, пасьля нас жа і гэтага ня будзе, – па-філязофску прамовіў Андрэ і рашуча выкінуў усё, што палічыў мала патрэбным у новым жыцьці. Прысеўшы на дарожку, ён пачакаў імгненьне і, сказаўшы: «З Богам!» – выйшаў на вуліцу.
Егермайстар
Бон выпраўляў Андрэ ў падарожжа да новага жыцьця цудоўнай сонечнай раніцай. Вуліцы ў ціхі нядзельны дзень былі пустынныя, таму ніхто не заўважыў,