Название | Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы |
---|---|
Автор произведения | Алесь Карлюкевiч |
Жанр | История |
Серия | |
Издательство | История |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-705-99-80 |
Лепелынчына – слаўны край. гэта ж, пэўна, пра сваю родную старонку сказаў вядомы беларускі паэт, ураджэнец лепельскай вёскі Дзямешкава Анатоль Вярцінскі:
Мы жывём, каб вяртацца
час ад часу туды,
дзе мінула юнацтва,
дзе маленства сляды.
Мы жывём, каб вяртацца.
I лепшага шляху няма.
Сапраўды, мы жывём, каб вяртацца. І ў нашай багатай на гісторыю краіне столькі куточкаў, каб вяртацца дадому ўсім сынам і дочкам, куды б іх лёс ні заносіў.
…Асобы, важкія па справах і здзяйсненнях сваіх
Яшчэ на пачатку 1980-х у мяне склалася некаторае сяброўства з лідскай раённай газетай. Жыў тады ў Львове. Па-украінску, зразумела, пісаць не мог, а душа прагнула роднага слова. Вось і пісаў абразкі, нейкія спробы ў жанры апавядання і дасылаў у тым ліку ў лідскую газету “Уперад”. Там працаваў у аддзеле пісьмаў, як аказалася, чулы і спагадлівы да мяне чалавек – паэт Уладзімір Васько. Нешта з дасланага было і надрукавана. А праз гады стасункі з Лідай, Лідчынай станавіліся ўсё мацнейшымі. Пачаў ліставацца з краязнаўцамі Аляксандрам Жалкоўскім, Анатолем Куляшом. Пасябраваў з паэтам і журналістам Станіславам Суднікам. Пра іх і пісаў, і часта сустракаўся з імі. Яшчэ адно лідскае знаёмства – з мастаком і скульптарам Рышардам Грушам. А ў сярэдзіне 1990-х з прафесарам Федаруком зрабіў краязнаўчую вандроўку па славутых сядзібах краю. Яшчэ пазней адкрыў для сябе Бярозаўку з яе гісторыяй шкларобства, пазнаёміўся там з многімі мастакамі шкляной справы. На шчасце, завод дзейнічае і цяпер, развіваецца, набывае новыя магутнасці.
З гадамі склаўся і архіў матэрыялаў пра тых ураджэнцаў Лідчыны, з якімі сустрэчы ніколі не адбудуцца па адной зразумелай прычыне: мы размінуліся ў часе. А так хацелася б, бо асобы ўсе як на падбор – важкія па справах і здзяйсненнях сваіх! Мяркуйце самі…
У маёнтку Крупава ў красавіку 1738 года нарадзіўся доктар права Казімір Нарбут. Мясцінка на поўнач ад Ліды, за нейкі дзясятак кіламетраў. Знаходзіцца на рацэ Крупка – прытоку Дзітвы. Казімір скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Далейшыя гады вучобы правёў ва Украіне. А з 1759 года – у Вільні, філасофію і матэматыку вывучаў у піярскім калегіуме. А ў Рыме авалодваў ведамі па тэалогіі. У 1770-м цяга да навукі прывяла Нарбута ў Кракаўскую акадэмію. Пазней вучыў дзяцей Антонія Тызенгаўза. У 1784—1786 гадах служыў пробашчам у роднай Лідзе. А з 1795 года жыў у Радзівонішках. Гэтае паселішча размешчана ўжо на паўднёвым захадзе ад Ліды, бліжэй да легендарнага Мажэйкава.