Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч

Читать онлайн.
Название Леаніды не вернуцца да Зямлі
Автор произведения Уладзімір Караткевіч
Жанр Литература 20 века
Серия Збор твораў
Издательство Литература 20 века
Год выпуска 1962
isbn 978-985-02-1550-5



Скачать книгу

таго каб балюча крануць па сэрцы, проста сціснуў яго няжорсткай лапай і адразу адпусціў.

      Пэўна, і сапраўды ўсё праходзіць.

      Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся.

      Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. I ён пераступіў парог, падхапіў яе на рукі і ўнёс у перадпакой. Паставіў на ногі, абняў, амаль з жахам адчуваючы, якая яна нізенькая (а была ж такой высокай!), якая высахлая (а была ж такой па-жаночы мажнай), якія ў яе сівыя валасы, якія цёмныя, спрацаваныя рукі.

      «Усё вайна», – падумаў ён.

      Але адразу ўспомніў, як рэдка ён ёй піша, як блізка яна прымае да сэрца ўсе ягоныя трывогі, і ў думках пераклаў палову правіны на свае плечы.

      – Дзень добры, бацька, – сказаў Андрэй, уваходзячы ў спальню.

      I ён таксама здаў. Сівыя валасы парадзелі. Сядзеў на ложку і неяк разгублена глядзеў на яго. Здавалася, вось-вось заплача: нервы пасля інфаркту зусім саслабелі.

      – Я прыехаў,– сказаў Андрэй.

      – Сынок… – толькi гэта i вымавiў бацька.

      Андрэй успомніў, як гэты чалавек калісьці сам-насам паваліў у Сафіёўскіх лясах мядзведзя-бадзягу, і яму стала вельмі прыкра і балюча за жыццё, за яго жарты з людзьмі.

      …Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакоіку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе.

      Нягледзячы на ўсё, гэта была радзіма, роднае гняздо, тое, што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём.

      Ён змежыў вочы. У зіхаценні вогненных плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі – радзімай: усе тыя, што адышлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што будуць.

      Твар бацькі… Маладога бацькі… Бацька трымаў на руках маці і нёс яе квітнеючым, ружова-белым яблыневым садам. Алёнка… Праплыла – да яснага неба, да палкага сонца, да чыстых зор вадзіць карагод; праплыў яшчэ чыйсьці ўсмешлівы твар.

      Апошнім урыўкам думкі, якая знікала і ўхілялася кудысь, ён сказаў сабе: «Што яшчэ? Што яшчэ трэба ўспомніць?.. Ага, абавязкова трэба спытаць маці, адкуль такое знаёмае мне адно прозвішча…»

      Дадумаць ён не паспеў.

      …Раніцою бацька выйшаў на гадзіну ў сад, пагуляць па расчышчанай Андрэем сцежцы. Маці і сын былі адны ў хаце.

      За вокнамі стаяў іскрысты, блакітна-белы, з сінімі ценямі ад гурбаў дзень. Прамяні сонца прабіваліся праз невялічкія вокны, пялёскаліся ў карафцы з вадою, рабізною скакалі па столі.

      I гэтыя вясёлыя скокі промняў зноў напомнілі Андрэю тое спакойнае ўзрушэнне, якое валодала ім апошнія дні перад ад’ездам.

      – Ма, – спытаў ён, – ці ведаеш ты такое прозвішча: Горава?

      – А чаму ты так думаеш, што я ведаю?

      Маці цыравала панчохі ў крэсле і не ўздымала вачэй на сына.

      – Нешта ж вельмі знаёмае. Здаецца, мяльком чуў ад цябе нешта такое.

      – Чаго гэта табе ў галаву ўлезла?

      – У нас адна Горава лекцыі чытае… Ірына Горава. Маці ўзняла на сына зацікаўленыя цёмныя вочы:

      – Магчыма…

      Адклала