Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
Такая ластаўка.
I ён шырока ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ.
– Што ж гэта наш такi добры знаўца паэзii не ходзiць на лекцыi па мастацтве?
Грынкевіч пашкроб патыліцу:
– Ды я думаў, што вы зусім не такая.
– А якая?
– Ды я думаў, што вы чытаеце аб уплыве рускага флоту на рост грыбоў,– шчыра прызнаўся ён.
Яна засмяялася. Грудным, цёплым кантральта.
– Ну і як цяпер?
– Цяпер буду хадзіць. Абавязкова.
– Спадабалася хоць трошкi?
– Лекцыя з думкай. І з пачуццём.
– Ну, і то добра. Калі ласка. Рада буду вас бачыць.
Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.
Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.
– Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.
Андрэй засмяяўся.
– Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.
Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.
– Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.
– Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.
– Чаму? – з трывогай спытала яна.
– Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.
– Чаго?
– Бацька нешта захварэў.
– Перадай прывітанне, – сказала Марыя.
Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.
Раздзел VI
Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.
Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег – асабліва белым, паветра – асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.
Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі.
Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.
Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.
Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем – і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.
Нейкая машына даганяла яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжэратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.
– Сядай.
Андрэй