Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
– Ну, – засаромелася яна, – не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.
– Прабачце, – умольна сказаў Андрэй, – хто вы?
– Я Алёна Століч.
– А… Алёна, Бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.
– Дый вы… таксама.
Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія цвёрдыя далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.
…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.
Далей. Далей. Усё далей.
Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:
Зялёны дубочак
На ель пахіліўся.
I ў гэтым страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.
– Чорт, – сказаў Андрэй, – уласна кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш – і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.
– Прачытай што-небудзь адпаведнае, – сказала яна.
– Добра.
Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжэць, не хацелі шалахцець нованароджаным лісцем – зашмат было гонару.
Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.
Празрысты зялёны рог,
I ценi ад хмар набягаюць
На вербы наўсцяж дарог.
Цiшыня над сiнiм Дунаем.
Сцiхлi шолахi ўсе:
«Каханая, дарагая,
Ногі твае ў расе».
Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:
– Дрэнна.
– I сапраўды, слаба, – з уздыхам сказала яна, – не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.
Яму спадабалася яе шчырасць.
– I што толькі рабіць, не ведаю, – сказаў ён.
Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра. Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.
Памаўчала.
– I ляцiць яна ў шлях, уся залатая, з пылком на лапках…
Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго…
I раптам ускрыкнула:
– Ану, даганяй.
Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы – і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася,