Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
Потым адчыніў дзверы, наліўся крывёй, – аж страшна, – і крычыць: у наступны раз я вас выганю. Або на Волга-Дон, або надоўга вон!!! І дзвярыма за мною ляснуў.
– Харошы чалавек, – сказала яна.
– А нё ж не. Самы лепшы. Але ж і ён хлусіў. Несумленна хлусіць, вось што…
– Ну, а далей. Хіба толькі ў Буніне справа?
– Вядома, не. Бачу, скажам, што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Ігнат Каўтуновіч, палена няструганае, баязлівец, падлюга і падхалім. А я гляджу ў яго вочы і ведаю, што ён першы ўцёк бы, калі б на нас, камсамольцаў, банда пад Ракшанамі навалілася. А ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек. А доказаў няма.
Андрэй аж здрыгануўся ўвесь. Потым змоўк.
Пад адхонам шаптала рака, звінела ніцымі галінкамі вярбы.
– Ведаеш, Алёна, – ціха сказаў Андрэй, – мяне гэта вельмі мучыць. Бачу, напрыклад, што ў многіх калгасах робіцца. І мне цяжка. Я баюся, каб з мяне не атрымаўся контррэвалюцыянер.
Яна рыўцом павярнулася да яго:
– Ф-фу, дурань які! Не з таго ты, Андрэйка, матар’ялу зроблены. Ты – чысты.
– Хлусню ненавіджу, – кінуў рэзка ён.
– Нічога, – сказала Алёна, – усё павінна змяніцца. У няшчырасці нядоўгі век. Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: «Усё праходзіць».
…Так, усё праходзіць. Прайшла і тая вясна. Як прайшло потым і лета.
А тады здавалася, што гэтаму не будзе канца.
Неяк вечарам, якраз калі чэрвень увабраўся ў сілу, у рэдкую – не па леце – маладзіковую ноч, яны, тры хлопцы і чатыры дзяўчыны паехалі на чаўне за Дняпро, лавіць рыбу.
Не да рыбы, вядома, там было. Але затое, калі зніклі за дзясяткам лукавін агні горада, – колькі там было жартаў і смеху, розыгрышаў!
I ноч. Гэта была такая ноч, якіх не бывае.
Едзе Ноч над зямлёю на чорным кані. Плашч у Ночы чорны, кудлы чорныя. I твар у Ночы таксама чорны. Бязгучна вару шыць у паветры капытамі стомлены чорны конь.
Потым, калі яны сядзелі на беразе ля зыркага вогнішча, закрытыя ад астатняга свету густой сцяною лазы, нехта папрасіў, як маленькі:
– Андрэй, казку…
Грынкевіч пачаў. Ён умеў распавядаць казкі. А гэтая, таемная, як абшары лясоў над межытокамі, асабліва добра клалася на ноч, вогнішча, месяц над вадой.
Можа, асабліва добра таму, што поруч была Алёна. Гэта была народная легенда пра вужыную каралеву. Ноч, пратокі, човен, заплецены белымі гарлачыкамі, браты, што катуюць дзяцей сястры, дапытваючыся, дзе іхні бацька. Сухая вярба над затокай. Ляжыць пад вадою юнак у залатым каптане.
Калі жыў ты, калі чуеш ты,
Як заву цябе, змарнелая,—
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Расплывіся, пена белая.
Калі ж вочы твае любыя
Не глядзяць на свет, яскравыя,—
Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,
Пена алая, крывавая.
Цішыня. Месяц, прабіўшыся праз лістоту лазы, кінуў на пясок тысячы срэбных месячыкаў-адбіткаў…
…Алёнка асцярожна