Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
«А што, сапраўды, нас звяло? – спытаў сябе Андрэй. – Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…»
Ён горка ўсміхнуўся ў паўцемры.
«Што звяло? Шкадаванне да яе, чыё жыццё склалася так няўдала, любоў да яе сына, цудоўнага маленькага чалавечка… Ну, яшчэ абыякавасць да таго, з кім ідзеш. Таму што з усімі аднолькава… I яшчэ абыякавы халадок душы і боязь пустэчы поруч з сабой».
Жанчына варухнулася, святло ўпала ёй на твар. Грынкевіч асцярожна паправіў абажур. Зноў задумаўся.
«Хіба ў аднаго мяне так? Яна ў нечым нядрэнная жанчына, у меру добрая – для тых, каго любіць, – часам даверлівая ад недалёкасці. Дрэнна толькі, што апошнім часам яна яго бязглузда, па-дурному, раўнуе. Дарэмна. Ён сумленны ў адносінах да яе. Не паграшыў пакуль што ні ўчынкам, ні позіркам. Жанчыны наогул бываюць дурнымі ў рэўнасці: не ведаюць, што калі мужчыну ўвесь час беспадстаўна раўнаваць, то ён нарэшце можа сапраўды пусціцца ва ўсе цяжкія грахі,– «калі ўжо раўнуюць, дык няхай хоць недарэмна». Вось і гэта: пачала з жартоўнай рэўнасці, потым уцягнулася, і цяпер ёй сапраўды здаецца, што кожная сустрэчная жанчына толькі й думае, каб зрабіць замах на мяне. Дурная. Таму дурная, што няма куды мне ад цябе ісці. Не таму, што кахаю – кахання ў мяне якраз і на шэлег няма, хлушу табе толькі,– а таму, што ўсё адно. I любоў да твайго хлопца, і проста лянота не дазволяць мне пайсці ад цябе».
Ён узяў кавалачак паперы, накрэмзаў на ім некалькі слоў, паклаў на крэсла каля ложка і накіраваўся да дзвярэй.
«I ўсё ж гэта гнюсна, вось такое звыклае i халоднае сяброўства. I нiякiя апраўданнi, што ты жывы чалавек, – не дапамагаюць».
Гэтая бязлітасная думка мільганула ў яго галаве толькі на імгненне. Потым ён асцярожка зачыніў за сабою дзверы, падняўся на свой паверх і пастукаў у пакой Вайвадса.
Яніс стаяў ля пісьмовага стала, перачытваў скончаны ліст. На стале стаяла ўжо халасцяцкая вячэра: каўбаса, сыр, хатняя вяндліна, кафейнік з чорнай кавай. Да ўсяго гэтага – з выпадку свята – сёння была дабаўлена бутэлька сухога віна і паўбутэлькі рыжскага бальзаму, які сябры, як існыя маладыя варвары, не дабаўлялі ў каву, а пілі проста так.
– Чакай, – сказаў Яніс, – я зараз.
Андрэй сеў ля стала і стаў глядзець на нехлямяжы, вельмі мяккі і добры твар.
З Янісам яны, прыехаўшы ў інстытут, пасябравалі не адразу. Толькі потым, калі аднойчы Грынкевіч абмовіўся, што ён з Віцебскай вобласці, Яніс здзіўлена сказаў:
– А мы былой Віцебскай губерні. Тады мой край называлі, здаецца, «інфлянты». Я латыш, з Латгаліі… I наш Райніс адтуль.
З таго часу «землякі» пачалі прыглядацца адзін да аднаго. Уважліва прачыталі вершы. Вершы абодвум