Название | Зоркі над вельдам (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Калекцыя «ПрайдзіСвет» |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 0 |
isbn | 978-985-90377-4-0 |
Я сказаў Грыце, што я Схалк Лоўрэнс.
– Ага, я чула пра цябе, – адказала яна, – ад Фрыца Прэторыюса.
Я ведаў, што гэта значыла. А таму расказаў ёй, што Фрыц славіцца сваёй хлуснёй на ўвесь Марыка. Ды парасказваў і іншага пра яго. Праз дзесяць хвілін, калі я ўсё яшчэ расказваў пра Фрыца, Грыта ўсміхнулася і сказала, што скончыць аповед пра яго я магу неяк іншым разам.
– Але ж адну рэч я мушу расказаць табе цяпер, – настойваў я. – Калі Фрыц даведаўся, што ты будзеш на танцах, ён пачаў рабіць хатняе заданне.
Я расказаў ёй пра грыфельную дошку і прыклады, і Грыта ціха засмяялася. Мяне зноўку ўразіла, якая ж яна прыгожая. Яе вочы блішчэлі ў святле свечак. Ружы здаваліся яшчэ бялейшымі ў яе цёмных валасах. І ўвесь гэты час вакол нас кружлялі танцоры, музыкі гралі вясёлыя матывы, а з кухні даляталі дзікаватыя трыюмфальныя воклічы.
Астатняе адбылося вельмі хутка.
Я нават не памятаю, як. Але я ведаю дакладна, што калі мы стаялі на вуліцы пад высачэзнымі дрэвамі і зоркі свяцілі з вышыні, я з лёгкасцю мог паверыць, што Грыта была зусім не дзяўчынай, а адной з тых аб’ятэрскапскіх ведзьмаў, што плялі свае дзівосныя чары.
Але калі б нехта пачуў мяне, то ніколі б не здагадаўся пра тыя дзікія, страшныя пачуцці, што бурлілі ў маім сэрцы.
Я расказваў Грыце і пра леташнюю засуху, і пра тое, як цяжка засцерагчы дзверы і рамы ад тэрмітаў, і пра тое, як мае новыя карычневыя боты здзерлі скуру з пальцаў на нагах, калі я хутка крочыў.
Пасля я падышоў да яе вельмі блізка.
– Грыта, – прамовіў я, беручы яе за руку, – Грыта, я хачу табе нешта сказаць.
Яна вызваліла сваю руку. Але зрабіла гэта вельмі мякка. Амаль шкадуючы.
– Я ведаю, што ты хочаш сказаць, – адказала яна.
Я здзівіўся.
– Адкуль ты ведаеш, Грыта? – запытаўся я.
– О, я шмат чаго ведаю, – зноў засмяялася яна, – не дарма ж я вучылася ў пансіёне шляхетных дзяўчат.
– Ды не пра тое, – я адразу ж запярэчыў, – я не хачу гаварыць пра правапіс ці арыфметыку. Я хацеў сказаць табе, што…
– Калі ласка, не трэба гэтага казаць, Схалк, – перабіла мяне Грыта. – Я… я не ведаю, ці вартая я таго, каб пачуць такое. Я нават не ведаю…
– Але ты такая мілая! – усклікнуў я. – Я мушу табе сказаць, якая ты мілая!
І ў той самы момант, калі я зрабіў крок да яе, яна адступіла, каб ухіліцца. Я не мог зразумець, як яна так добра ўсё пралічыла. Бо як бы я ні намагаўся, я не мог злавіць яе. Яна з лёгкасцю і грацыёзнасцю хутка пакрочыла між дрэваў, а я штосілы прыпусціў за ёй.
Аднак стрымлівала мяне не толькі прага ведаў, а і мае новыя боты. І персікавы брэндзі Вілема Прынсла. І яшчэ аглобля воза – яе ніжні край, што хаваўся ў траве.
Але грымнуўся я не моцна. Трава там была даўгая і густая. І нават калі ўпаў, вялізным шчасцем напоўнілася маё сэрца. І больш нічога ў свеце мне было не патрэбна.
Грыта спынілася. Павярнулася. Раптам