Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач

Читать онлайн.



Скачать книгу

яна зараз тут, навідавоку ў гэтых пляткарак: меней пытанняў будзе, калі раптам пачнуць тыя грошы шукаць. А мо і зусім пра яе ніхто не ўзгадае…

      Ля канторы спыніўся джып старшыні калгаса. Усе жыхары вёскі нават не ведалі, як цяпер называецца іхняе аграпрадпрыемства і пасада яго кіраўніка, таму звалі ўсё па-ранейшаму: калгас, старшыня, праўленне… Хаця вёску чамусьці, ці то ўсур’ёз, ці то жартам, хутка прызвычаіліся называць аграгарадком.

      Старшыня пайшоў у кантору, а ягоны вадзіцель – у краму.

      – Ужо чулі навіну, бабанькі?! – замест прывітання запытаўся вадзіцель старшыні, як толькі пераступіў парог магазіна.

      Па той узнёсла-ўрачыстай інтанацыі, з якой прагучала пытанне, адчувалася, што навіна цягне на сенсацыю.

      – Якую?! Якую?! – наперабой запыталіся цёткі ў мужчыны, і на іх тварах адбілася нічым не прыхаваная прага інфармацыі.

      – Ля моста два браты з Круглага разбіліся на машыне! Адзін загінуў на месцы, а другога ледзь жывога павезлі ў Магілёў!..

      Жанчыны пачалі ўзбуджана абмяркоўваць нешараговую навіну. Нехта з іх спачуваў незнаёмым круглянцам, спрабаваў даведацца ў аднавяскоўца, які падзяліўся інфармацыяй, ці маладыя тыя браты, хтосьці адразу пачаў рабіць высновы, што самі ва ўсім вінаватыя, бо носяцца, як скажэнныя! Некалькі кабет не ўтрымаліся: паціху выслізнулі з крамы, каб найхутчэй разнесці навіну па вёсцы, быццам таму, хто яе паведаміць першым, налічваліся нейкія адмысловыя балы.

      Ірка ж з цынічнасцю прафесійнага кілера зычыла таму, хто выжыў, не даехаць да Магілёва…

      Увечары ў вёсцы ўжо распавядалі пра сутыкненне трох аўтамабіляў, гаварылі, што загінула ці не пяць чалавек, аднак дні праз тры зусім перасталі згадваць аварыю: ці мала іх там было? І чарговая – зусім не апошняя… Тым больш, што пасля гэтай у аграгарадок не наведваліся ні следчыя, ні ўчастковы.

      Ва ўсім наваколлі адну Ірку апошняя аварыя не пакідала абыякавай: з аднаго боку, яна крыху хвалявалася, што той, хто выжыў, мог яе бачыць; але яна супакойвала сябе тым, што наўрад ці ён запомніў яе. А калі і запомніў? Ніхто не зможа даказаць, што яна нешта скрала з месца здарэння: падумала, што ўсе загінулі, спалохалася і ўцякла! І ўсё! Але свой любімы сіні швэдар Ірка ўсё ж на ўсякі выпадак запхала на самае дно шафы… З другога боку, у яе проста пачынаў ехаць дах, калі яна пры дапамозе калькулятара пераводзіла паўтары тысячы долараў у беларускія рублі. А паколькі першапачатковыя лічбы ў калькулятар Ірка ўводзіла няправільныя, ды і наогул не цяміла, што на што трэба памножыць, то і вынік пераўзыходзіў усе разумныя межы… Яна нават не ўяўляла, як называецца такая лічба, проста разумела, што гэта вельмі шмат… Нават вельмі-вельмі.

      Чым менш часу заставалася да ад’езду на вучобу, тым часцей Ірка караскалася на гарышча, каб патрымаць у руках свой неспадзявана вялізны скарб, які хутка ператворыць брыдкае качаня ў прыгажуна лебедзя… Прыкладна так можна растлумачыць сутнасць Ірчыных спадзяванняў, бо казак Андэрсана яна не чытала, а мультфільмы ніколі не разумела і не глядзела. Таму ў яе выпадку няхітрыя аналогіі хутчэй знаходзіліся ў бясконцых мыльных серыялах, у неверагоднай колькасці спажытых дзяўчынкай