Название | Гісторыі ў прыцемках (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Зміцер Дзядзенка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-985-711-99-05 |
– Ці дакладна вы гэта ведаеце? А калі я дакажу вам іншае? – з твару доктара не сыходзіла скептычная самаўпэўненая ўсмешка. – Гісторыю пра Язафата Кунцэвіча ведаеце? Яго ж проста не пускалі ў гарады: у Магілёве і Воршы з гарматаў стралялі, каб не заехаў уніяцкі казаннік у горад. І што гэта, на вашу думку, калі не рэлігійная вайна? А такіх прыкладаў безліч. Кунцэвіч – хіба што самы вядомы і самы вымоўны. Былі ж яшчэ і выгнанні з цэркваў, смяротныя бойкі паміж уніятамі й праваслаўнымі. Вы мне скажаце пра дыспуты. Канечне, было і такое. Але хіба не тое ж самае – з дыспутамі і адначаснымі крывавымі закалотамі – дзеялася ва ўсёй Еўропе? Магу вам нагадаць толькі, што забойства Кунцэвіча – гэта гадоў праз сорак пасля Баўтрамеевай начы і гадоў за дваццаць да аблогі Ля-Рашэлі. Немцы гэтым часам рэжуць адзін аднаго ў Трыццацігадовай вайне, у ангельцаў выспявае антыманархічная рэвалюцыя…
Задаволены сваімі аргументамі, Скарына адкінуўся на спінку крэсла.
– Але цяпер жа ў нас не так, як у Еўропе, – Вітушынскаму ўсё ж карцела настаяць на сваім.
– Чаму вы так упэўнены ў гэтым? – Скарыну, здаецца, нават здзівіў факт, што нехта імкнецца аспрэчыць ягоныя тэзісы. Ён выцер насоўкай лоб і працягваў: – Мы цяпер жывём паводле дактрыны Карла Маркса, народжанай у Нямеччыне. Канцэпцыі, на якіх спрабуюць збудаваць сваю дзяржаву тыя ж чэхі, палякі ці балгары, – таксама карэняцца ў Заходняй Еўропе: ідэя нацыянальнай дзяржавы прыйшла да нас адтуль, і досыць нядаўна. Зрэшты, і ў саміх французаў альбо ангельцаў яна выкрышталізавалася параўнальна не так даўно – гадоў трыццаць-сорак. Час пакажа, наколькі гэта жыццяздольная ідэя.
– Думаю, вельмі разумная, прадуктыўная і жыццяздольная. Гэта прызнала нават новая ўлада: нездарма ж яна правяла ўзбуйненне Беларусі! – выдыхнуў Шумскі з відавочным раздражненнем. Вітушынскаму зноў драпнула слых вымаўленне Шумскага.
Алена яўна ўстурбавалася тым, які кірунак атрымала гутарка. Было відаць, што яна сумнявалася, ці варта дазваляць мужчынам спрачацца далей. Спрабуючы перавесці размову на іншае, яна ціха заўважыла брату, што, магчыма, злоўлены бандыт усё ж не той бадзяга, пра якога распавядала суседка:
– Але я пабойваюся. Раптам ён не адзін такі тут хадзіў? Лепш за ўсё, відаць, будзе пільнавацца ўсякіх чужых…
Вітушынскі адчуваў сябе госцем, таму прыціх, як мыш пад венікам, і з падрабязнымі роспытамі наконт бібліятэкі не лез. Але ж карцела! Так карцела, што аж язык свярбеў. Толькі пры канцы абеду, калі перайшлі да кавы (сапраўднай!), ён запытаўся, адкуль у доктара такі скарб у бібліятэцы.
– Доўгая гісторыя. У нашай сям’і здавён кнігі збіраюць і перадаюць у спадчыну. Хадземце ў бібліятэку, я вам раскажу адну гісторыю.
Калі яны выходзілі, Антон краёчкам вока пабачыў: Алена задуменна глядзіць ім услед, злёгку пакусваючы вусны.
Ведаеце, маім далёкім продкам быў Францішак Скарына. Так-так, той самы Скарына, першадрукар. Як бачыце, род мой спрадвеку жыве ў