Название | Гісторыі ў прыцемках (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Зміцер Дзядзенка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-985-711-99-05 |
Тым часам доктар Скарына вярнуўся на радзіму, атайбаваўся ў Вільні. Там ён заняўся той справай, у якой так напрактыкаваўся за мяжой, – заснаваў друкарню. Для рынку ў яго было велічэзнае поле дзейнасці: канкурэнтаў няма, ніводнай іншай друкарні на ўсё Вялікае Княства!
Але справа пайшла не надта добра. Прычынай зноў стала людская цемната: неахвотна куплялі кнігі, што з’явіліся дзякуючы супрацы з нячыстай сілай. Ну, не станеш жа тлумачыць кожнаму неадукаванаму таўстамясаму бюргеру, што голем – гэта не пякельнае спараджэнне, а вынаходства перадавой навукі.
Словам, прашчур мой вырашыў пашукаць, як цяпер кажуць, рынак збыту за ўсходняй мяжой – у Маскоўскім Княстве. Аднак, паехаўшы туды, ён зрабіў вялікую памылку: прыхапіў з сабой голема. Тое, на што паблажліва глядзелі ў Літоўскім Княстве (тут і не такія дзівакі сустракаліся), не магло не выклікаць нараканняў у суседняй дзяржаве. Пражская гісторыя паўтарылася: доктара звінавацілі ў чарнакніжніцтве. Прысудзілі да спалення ўсе яго кнігі, а таксама яго самога ды ягонага «пякельнага памочніка». Палачанін уцякаў у вялікім спеху, кінуўшы ўвесь свой набытак, прывезеныя ў Маскву кнігі, а разам з імі – і голема.
Ёсць, праўда, нейкія цьмяныя згадкі, што ў гісторыю магла замяшацца вялікая маскоўская княгіня, маці будучага Івана Жахлівага, які нарадзіўся акурат праз дзевяць месяцаў пасля Скарынавага ад’езду з Масквы. Але гэткая версія выглядае так фантастычна, што я б не стаў асабліва давяраць тагачасным плеткарам… Усё гэта толькі намёкі ды чуткі.
А вось нашая сямейная легенда кажа, што акурат у Маскве продка нагнаў праклён пражскага рабіна. Таму і голем згубіўся. Дакладней, не згубіўся, а ўцёк у мітусні пры паспешлівым доктаравым ад’ездзе з Масквы.
Ён доўга хаваўся, ішоў па слядах палачаніна. Урэшце высачыў. Было гэта ўжо праз шмат-шмат гадоў, у Празе, дзе мой прашчур апекаваўся каралеўскім садам на Градчанах. Голем, як я ўжо казаў, не ведаў стомы, не адчуваў часу. Можа быць, ён знарок хаваўся тыя гады – чакаў, пакуль у доктара з’явяцца дзеці… Я часам думаю, што праклён быў не ў тым, каб вынішчыць наш род, а ў тым, каб над намі, Скарынавымі нашчадкамі, вечна вісеў страх. Боязь, што кожны дзень можа стаць апошнім. Боязь, што за табой вечна цікуе неўміручая істота, якая не ведае ніякіх эмоцыяў, не адчувае ніякай стомы. Палахлівасць – нашае наканаванне. Мы не можам разлічваць на заўтра, бо жывём без надзеі на яго.
У Францішкавым пакоі, дзе знайшлі мёртвае цела, усё выглядала натуральна. Адно толькі здзівіла прыдворнага пражскага летапісца, які занатаваў згадку пра ягоную смерць: след белай гліны на падлозе. Гліны, падобнай да якой не было зусім ані на Градчанах, ані ва ўсёй Празе, ані ў яе ваколіцах…
Спаць Вітушынскі пайшоў не ў самым лепшым гуморы. Гісторыя, расказаная доктарам Скарынам, бянтэжыла, вярэдзіла думкі. Нешта ў ёй падалося