Да журналіста недзяржаўнай газеты Паўла Кміціча звяртаецца супрацоўнік КДБ: ён прапануе напісаць артыкул пра містычны Ордэн Прамяністых, які існаваў у 1920-я гады. Журналісту даюць эксклюзіўны доступ да дакументаў з архіву КДБ. Ордэн Прамяністых мае сваю рэліквію – таямнічы сшытак Тамаша Зана, заснавальніка таварыстваў філаматаў і філарэтаў. За сшыткам палюе невядомы забойца, які знішчае чальцоў Ордэна Прамяністых…Вывучаючы гісторыю Ордэна, Кміціч сам становіцца ўдзельнікам гульні спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Творы Змітра Дзядзенкі, якія ўвайшлі ў кнігу «Гісторыі ў прыцемках», вызначаюцца цікавасцю да таямнічага і неспазнанага, а таксама вострасюжэтнасцю. Героі твораў спрабуюць разгадаць загадкі, паходжанне якіх губляецца ў прыцемках гісторыі. Гэта характэрна як для містычнага апавядання «Яйкі птушкі Рух», так і для дэтэктыўных аповесцяў «Голем з Малой Мар’ямпольскай» і «Вуаерыст».
Травеньскім вечарам 1926 года на аршанскай вуліцы знаходзяць зарэзаную прастытутку Рыўку Гольдберг. Праз некалькі дзён гіне савецкая актывістка Валянціна Мачуга… Ці аб'ядноўвае штосьці гэтыя два забойствы? Расследаванне злачынстваў адбываецца на фоне нэпманскіх загулаў і маладнякоўскіх вершаў, палавой свабоды 1920-х, дзейнасці таемных агентаў АДПУ і левай апазіцыі ў камуністычнай партыі.