Название | Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя |
---|---|
Автор произведения | Зміцер Дзядзенка |
Жанр | Исторические детективы |
Серия | |
Издательство | Исторические детективы |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7165-44-5 |
А смеласць і адвага байца былі заўважаныя камандзірамі. Паколькі малодшыя афіцэры гінулі на фронце не менш за шараговых салдатаў, то іх заўсёды неставала. Так Канстанцін Мачуга атрымаў накіраванне на курсы прапаршчыкаў.
Чатыры месяцы на курсах прамінулі хутка – нават не паспеў адвыкнуць ад свісту куляў. Перад адпраўкай на фронт атрымаў Мачуга кароткі адпачынак, каб змог пабачыцца з сям'ёй.
Валянціна войкнула ад нечаканасці, калі муж прыйшоў дадому. Ягоныя пацалункі былі прагнымі, патрабавальнымі, яна пакорліва прымала мужавы ласкі, але Канстанцін адчуў, што ў жонцы штосьці змянілася за час яго адсутнасці. У той жа вечар ён напіўся, стаў крычаць на жонку, раз'юшваючы сябе. Ён называў Валянціну паблядушкай, пытаўся, якога хахаля яна сабе завяла і ці адзін ён, той хахаль…
Жонка моўчкі глядзела яму проста ў вочы, сціснуўшы зубы. Верхняя губіна ў яе пачала бялець ад напружання. Але калі Канстанцін замахнуўся на яе, Валянціна схапіла падрыхтаваную чапялу і з усяе моцы выцяла ёй мужа па запясці. Правая рука Канстанціна заныла, занямела, і ён перастаў яе адчуваць.
– Калі яшчэ раз мяне хоць пальцам зачэпіш, я цябе заб'ю, – ціха сказала жанчына. – Ачомаюся – і зарэжу ўначы…
Яна працягвала глядзець мужу ў вочы з халоднай рашучасцю.
Канстанцін, як выявілася, быў не настолькі п'яны, каб недаацаніць жончыну пагрозу. Некалькі хвілінаў яны маўчалі, паглядаючы адно на аднаго. Потым Мачуга сплюнуў на падлогу горкую сліну і выйшаў з дому. Да раніцы яго не было, а потым наваспечаны прапаршчык вярнуўся, маўкліва сабраўся і з'ехаў на фронт, не дагуляўшы два дні з адпушчанага яму адпачынку.
З насцярогай прыслухоўваўся Канстанцін да сваіх адчуванняў пасля развітання з жонкай. Чакаў, калі ж тая ўнутраная спружына нацягнецца да ўпору. Але заўважыў, што камандзірская пасада прыносіць яму палёгку: паганяе прапаршчык Мачуга сваіх салдатаў, тыкне каторага – і лягчэй яму становіцца ўсярэдзіне, папускае яго. З адной аглядкай, праўда, ганяў ён сваіх падуладных – калі была сапраўдная нагода. Знарочыстых дачэпак прапаршчык не прыдумваў, бо ведаў: на фронце куля можа прыляцець не толькі з боку ворага, але і са спіны… Але ж яму і ненадуманых дачэпак было досыць: камандзір ганяе салдата для навучання – каб той застаўся цэлым на вайне.
Адрачэнне цара сустрэў Канстанцін усё ў тым жа званні прапаршчыка – не палічылі яго вартым павышэння. Да новых палітычных павеваў Мачуга далучацца не спяшаўся, але ўважліва слухаў, што кажуць розныя партыі. Найбольш сімпатычнымі падаліся яму бальшавікі: яны заклікалі спыніць абрыдлую вайну і адпраўляцца ўсім дадому. І стаў прапаршчык Мачуга бальшавіком, нават у палкавы камітэт трапіў.
А потым бальшавікі і ўвогуле ўзялі ўладу ў дзяржаве, і пайшла Мачугава кар'ера ўгору. Адно кепска – з вайны ён так і не сышоў.