Название | Святло далёкай зоркі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Касько |
Жанр | Биографии и Мемуары |
Серия | |
Издательство | Биографии и Мемуары |
Год выпуска | 2014 |
isbn | 978-985-06-2370-6 |
Па просьбе старшыні імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства С. Ф. Альдэнбурга А. К. Сержпутоўскі выступіў 10 снежня 1910 г. перад членамі РГТ з паведамленнем аб выніках гэтай экспедыцыі. Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі прагляд дыяпазітываў, зробленых Сержпутоўскім, азнаямленне з калекцыямі этнаграфічных прадметаў, прывезеных ім з Каўказа[39].
Паспяховай з’явілася экспедыцыя А. К. Сержпутоўскага ў Дагестан у чэрвені 1911 г. Мэтай яе было вывучэнне жыцця, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры дзідойцаў, гінухцаў, капучынцаў.
Наведваючы населеныя пункты, даследчык адзначаў, што жыццё горцаў мала чым адрознівалася ад жыцця рускіх, беларускіх, украінскіх сялян. Галоўнымі заняткамі гэтых смелых, адкрытых, шчырых людзей, па словах вучонага, былі жывёлагадоўля, паляванне, земляробства, хоць зямель, прыгодных для вырошчвання збожжавых, агародніны, было вельмі мала. Невялікія ўчасткі – латкі, як правіла, размяшчаліся на схілах гор. Грунт быў вельмі цвёрды, цяжка паддаваўся не толькі матыцы, але і кірцы. Каб не зваліцца ў бездань, сяляне абвязвалі сябе вяроўкамі, адзін канец якіх мацаваўся на круках, убітых у скалу. Этнографу неаднаразова даводзілася бачыць за работай жанчын, якія апрацоўвалі такім чынам зямлю.
Сержпутоўскі звяртае ўвагу на існаванне ў дзідойцаў нецывілізаваных старажытных звычаяў, напрыклад звычаю выкупу нявесты. Калым часам даходзіў да 100 рублёў, што па тым часе з’яўлялася вельмі вялікай сумай. «I ўсё ж, нягледзячы на гэта, – заўважае вучоны, – большасць маладых людзей жаніліся і выходзілі замуж па каханні». У многіх сем’ях, якія ён наведаў, панавалі любоў і згода. У той жа час назіраліся ў горцаў выпадкі мнагажэнства, пераважна сярод багатых, а таксама кроўная помста.
З гэтай экспедыцыі Сержпутоўскі прывёз 837 экспанатаў – калекцый адзення, галаўных убораў, абутку, упрыгажэнняў, зброі, прадметаў дамашняга і гаспадарчага ўжытку, рэлігійных культаў. Акрамя таго, зрабіў каля 70 фотаздымкаў пабудоў, бытавых сцэн, абследаваў і апісаў шэраг аулаў і пасяленняў. Выступаючы са справаздачай на пасяджэнні аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства аб выніках паездкі ў Нагорны Дагестан, ён паведаміў цікавыя звесткі аб быце горцаў, падзяліўся каштоўнымі думкамі аб паляпшэнні іх становішча.
У лінгвістычнай частцы сваёй справаздачы вучоны выказаў шмат крытычных заўваг па «Краткому дидойско-русскому словарю», выдадзенаму пад рэдакцыяй акадэміка М. Я. Мара. «Для збірання матэрыялаў на месцах гэты слоўнік можа аказаць паслугу, – падкрэсліў ён, – а карыстацца ім у тэарэтычных даследаваннях аб гаворках індадзідойскай групы нельга»[40].
Вывучаючы быт і культуру розных народаў або этнічных груп, А. К. Сержпутоўскі імкнуўся прасачыць, які ўплыў яны аказвалі адно на аднаго. У час экспедыцыі 1912 г., абследаваўшы так званую Холмскую Русь, ён адзначыў, што ўкраінскае насельніцтва гэтага краю, захоўваючы свае бытавыя рысы, часткова падверглася ўплыву палякаў
39
Живая старина. 1910. Вып. 4. С. 357.
40
Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 580, с. 7.