Название | Размова з люстэркам |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7363-3 |
– Ну, цяпер зразумела, чаму вы так расхваляваліся! – прамовіў Міхась. – Гэта, шэф, ваша юначая памяць бунтуе!
– Памяць? Сумленне маё бунтуе, Міша! – зазлаваў Іванавіч. – На тэндар што было заяўлена? Кафэ, вялікае дэмакратычнае кафэ ў цэнтры горада паабяцалі! А цяпер выходзіць, што кафэ будзе на дзесяць столікаў, для адчэпнага. А ўсе плошчы пойдуць пад казіно!
– Казіно? Ну, гэта ж нашмат лепей, чым публічны дом, – пажартаваў Міхась. – Але ж для яго трэба адмысловыя спецыялісты, мы такімі рэчамі ніколі не займаліся!
– Вось ты гэтым і зоймешся, Міша. Выслухаем мясцовых дызайнераў, памаракуем трохі, што ды як, а заўтра з імі паедзеш па спецыялістаў у Мінск. Вясёлая ў нас будзе ведамасць расходу матэрыялаў!
– Іванавіч, у мяне цяпер сваё казіно, – пасур’ёзнеў Міхась. – Са стаўкай коштам ў жыццё. Я толькі што з анкалогіі.
– З анкалогіі? – Іван Іванавіч схамянуўся. – Штосьці сур’ёзнае? Рак? А я тут пра рамонт распінаюся. Ну й нервы ў цябе, Мішка!
– Ага, нервы на кулак наматаў, бо яны мне шчэ спатрэбяцца, – Міхась усміхаўся, як бы і не было таго Міхася, які з адчаем сядзеў у касцёле. Так з усмешкай і кпінамі з самога сябе гаварыў потым і з хлопцамі.
– Фільм мінулым летам глядзеў, не памятаю назвы. Там два героі са смяротнымі дыягназамі скралі машыну з мільёнам нямецкіх марак у багажніку. Пашанцавала бедакам напрыканцы жыцця! Дык не сталі гараваць, а вырашылі апошнія свае дні правесці весела, з прыгодамі. Вось і я, хлопцы, калі што, буду мець на ўвазе гэтае казіно з яго будучымі мільёнамі. Вы толькі хутчэй рамантуйце!
Хлопцы ажно аслупянелі, не зацаніўшы ягоны жарт. А ў Міхася нібыта ўсяліўся вясёлы нячысцік, так і кпіў з сябе і з іх:
– Ну, давайце, хваліце мяне, які я быў харошы. Хваліце цяпер, а не тады, калі ў дамавіну пакладуць, не пачую ж.
Хваліць не хвалілі, але спачувалі, падбадзёрвалі, як умелі. Але быў у гэтай спагадзе яшчэ нейкі дамешак пачуццяў. Міхасю падалося, што кожны з хлопцаў думаў прыкладна так: «Шкада Міхася, вельмі шкада, але дзякуй богу, што гэта здарылася не са мной».
Крыўдзіцца на сяброў? А што ён сам адчуваў бы, калі б такое здарылася з кімсьці з іх? Пакуль збіраў свае рэчы (збіраў старанна, хутчэй за ўсё яму ўжо не давядзецца вярнуцца сюды), хлопцы ўжо дзелавіта абмяркоўвалі, каго ўзяць на замену. Што ж, справа жыццёвая: калі Федзя Ласіца атрымаў інваліднасць, Міхась сам гэтак жа дзелавіта раіў узяць на працу свайго знаёмага, які набраўся будаўнічага вопыту ў Польшчы і Германіі. У кагосьці гора – цэлае мора, а ў кагосьці лужына радасці. Што ж ім, здаровым і дужым, застаецца рабіць?