Название | Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7541-5 |
«Дудкі, – падумаў я. – У наступны раз рыцарам будзе нехта іншы».
І я пакрысе пачаў пісаць. Спачатку кароткія, на паўстаронкі, апавяданні, потым даўжэйшыя. У восьмым класе я ўжо дарос да рамана. Ён называўся «Анты» – аб праславянскім племені, якое ваявала з Візантыяй.
Але «Анты» я пісаў у Навагрудку, дзе заканчваў школу імя Адама Міцкевіча. Там я ўжо быў цалкам саспелы аўтар, які не лічыў чымсьці неверагодным заваёву свету. Анты для гэтага падыходзілі. Яны таксама амаль што заваявалі ўсходне-рымскую імперыю.
Бацька ў Навагрудку выкладаў у гандлёва-эканамічным тэхнікуме бухгалтарскі ўлік, аднак пра Ганцавічы не забываўся. Памятала пра іх і маці.
– Які ж ты быў дурань, што паехаў з Ганцавічаў, – сказала яна неяк бацьку.
– Дык раён жа расфарміравалі! – вытрашчыў той вочы. – Не мог на працу ўладкавацца!
Калі бацька спрачаўся, ён заўсёды вытрэшчваў вочы.
– А Прасвіраў застаўся, – сказала маці.
Іншы раз у спрэчках яна была нязноснаю.
Хведар Пятровіч Прасвіраў быў сябрам бацькі. Яны разам пачыналі працаваць у Ганцавічах, Прасвіраў – старшынёй райспажыўсаюза, бацька – бухгалтарам. Але потым Прасвіраў пайшоў па журналісцкай сцяжыне і цяпер узначальваў раённую газету ў Ганцавічах, якія на той час зноў зрабіліся райцэнтрам.
– Такой кватэры, як там, у нас ужо ніколі не будзе, – уздыхнула маці.
З гэтым згадзіўся і бацька. Па ганцавіцкіх мерках хата панскага падлоўчага, то бок ляснічага, якую мы займалі папалам з дырэктарам школы Сычовым, была сапраўднымі харомамі. Я ўжо не кажу пра сад. Нашым грушы бэры і яблыні мядоўцы зайздросцілі ўсе мае сябры, і асабліва Ванька.
Але ў Ганцавічы мы з бацькам паехалі не па бэру ці мядоўку. Бацька склаў у стос дробна спісаныя лісты майго рамана, уціснуў іх у папку і завязаў тасёмкі. Як сапраўдны бухгалтар, ён умеў працаваць з дакументамі.
– Пакажам Хведару, – сказаў бацька. – Ён так-сама пісьменнік.
Я ўжо разумеў розніцу паміж пісьменнікам і журналістам, але змаўчаў. Мне і самому хацелася з’ездзіць у Ганцавічы.
Прасвіраў пакорпаўся ў папцы з маім раманам, перагарнуў некалькі старонак і штосьці прачытаў. Здаецца, яму не спадабаўся мой почырк.
– Малайчына, – сказаў ён. – Пішы далей. Аднак пісьменніцкая справа няпростая. Пішучая машынка патрэбна.
– Машынку мне дадуць у тэхнікуме, – запэўніў бацька. – Якраз нядаўна адну спісалі.
– Друкуе? – спытаў Прасвіраў.
– Дзве літары не прабівае, але заўхоз сказаў, што адрамантуе. Ён у нас мужык з рукамі.
Мяне якасць пішучых машынак пакуль што не хвалявала. Пра што пісаць – вось у чым пытанне.
– А вы пра што пішаце? – спытаў я Прасвірава.
– Аповесць скончыў. – Хведар Пятровіч азірнуўся па баках. – Сказаць, пра што?
– Канешне, – дазволіў я.
– Пра экскаватаршчыка!
Я ледзь не сеў міма крэсла, што стаяла побач. Экскаватаршчык у ролі галоўнага героя твора не мог мне прысніцца нават у страшным сне.
– Ты