Название | Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7541-5 |
Як я зрабіўся пісьменнікам
Гэта адбылося са мной у далёкім дзяцінстве. Мы жылі ў Ганцавічах, гарадскім пасёлку ў палескай глушы.
Але глушшу Ганцавічы былі толькі для Якуба Коласа, які настаўнічаў у гэтых мясцінах да рэвалюцыі, і адну з частак трылогіі «На ростанях» назваў «У палескай глушы». Пасля вайны Ганцавічы змяніліся, зрэшты, як і ўвесь Савецкі Саюз. На працу ў Заходнюю Беларусь прыехалі тысячы юнакоў і дзяўчат, сярод якіх былі і мае маці з бацькам. Як мне зараз здаецца, для іх не існавала задач, якія нельга было вырашыць. Перад вачыма ляжаў вялізны сусвет, у які трэба было ўвайсці і ўзяць сваё. І яны ўваходзілі і бралі.
Бацька працаваў бухгалтарам, маці пашпартысткаю ў міліцыі. Яны пабраліся, бацька ўступіў у партыю, атрымаў пасаду галоўнага бухгалтара міжкалгасбуда, і ўсё было б добра, каб не яго перакананне, што рабіць трэба не так, як загадвае партыя, а па сумленні. На выбарчым сходзе камуністаў ён устаў і сказаў, што кандыдат у дэпутаты, якога прыслалі з райкама, поўная нікчэмнасць – бацька выкарыстаў іншае слова, – і трэба выбраць таго, каго яны добра ведаюць. Сход падтрымаў бацьку і прагаласаваў за іншага кандыдата.
Гэта быў натуральны бунт на караблі, і бацьку з трэскам выкінулі спачатку з партыі, потым з працы. На той момант ужо нарадзіліся мы з сястрой, часы ў нас наступілі не самыя простыя. Але я расказваю не пра лёс маладых камуністаў у пасляваенным Саюзе.
Менавіта ў гэты нялёгкі год са сваім лёсам вызначыўся і я. Адбылося гэта ў нашым хляве, куды я паклікаў суседа Ваньку. Ён быў на год старэйшы за мяне, а значыць, разумнейшы і мацнейшы.
Я яшчэ ў школу не хадзіў, але ўжо чытаў дарослыя кнігі, і адна з іх моцна ўразіла мяне. Яна была пра рыцараў-крыжакоў. Закаваныя ў бронь ваяры ўзрушылі мяне да глыбіні душы, і я захацеў зрабіцца падобным да іх.
Я знайшоў у хляве ржавае вядро і доўга стараўся пракалупаць у ім дзірку для вачэй. Аднак не было патрэбнага інструмента, ды і рукі былі слабаватыя. Я здагадваўся, што ў гэтыя рукі яшчэ рана ўкладваць жалезны двухручны меч. Але меч можна было лёгка памяняць на абструганую палку, што я і зрабіў.
Іншая