Название | Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын |
---|---|
Автор произведения | Коллектив авторов |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7541-5 |
© Гальпяровіч Н. Я., 2023
© Кажадуб А. К., 2023
© Кукуць М. М., 2023
© Аўласенка Г. П., 2023
© Ягоўдзік У. І., 2023
© Мажылоўскі У. Б., 2023
© Шніп В. А., 2023
© Варанец В. І., 2023
© Бадак А. М., 2023
© Бычкоўскі А. А., 2023
© Батальёнак Я. Я., выява на вокладцы, 2023
© Карлюкевіч А. М., укладанне,
Пошук адказу
Даўняе перакананне прапагандыстаў чытання, арганізатараў літаратурнага працэсу, галоўных рэдактараў літаратурных часопісаў: чытач найперш чакае творы буйных фарматаў – раман, аповесць. Апавяданні, маўляў, гэта не самае галоўнае з таго, што можа адлюстраваць час. Велічныя падзеі патрабуюць велічных эпапей. Шкада толькі, што не ўсе творы гэтага жанру ў памкненнях да ўзвышаных ацэнак часу выяўляюць высокі мастацкі ўзровень… Не будзем прыводзіць прыклады. Але іх хапае, мо таму і не здымаюцца чытачамі з бібліятэчных паліц і не перавыдаюцца многія трылогіі, тэтралогіі і проста раманы 1960–1980-х гг. …
Апавяданне як люстэрка, у якое мы можам зазірнуць надоўга, дзе ўбачым свой і сваіх папярэднікаў адбітак. Люстэрка, каля якога цягне шмат пра што задумацца і паразважаць. Шкада, што ў гісторыі беларускага кнігавыдання няма такіх традыцыйных, як, напрыклад, для рускай ці ўвогуле савецкай літаратуры, анталагічных зборнікаў з умоўнымі назвамі: «Беларускае апавяданне 1940–1950-х гг.» альбо «Беларускае апавяданне 1960-х гг.» і пад. Зразумела, што ў такіх выданнях, дзе выбар акрэслены канкрэтным часам напісання ці публікацыі твораў, былі б сабраныя апавяданні Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава, Івана Навуменкі, Анатоля Кудраўца, Міхася Стральцова, Алега Ждана – тыя апавяданні, якія і зараз можна з задавальненнем і асалодай чытаць, пра якія не лішнім было б нагадаць чытачам новых пакаленняў. Ці стануць люстэркам на ўсе часы зборнікі кароткай прозы, якія мы зараз прапаноўваем чытачу? Імгненны адказ на гэта пытанне не даць, нават калі выданні серыі «Сучасная беларуская літаратура» хутка разыдуцца з паліц кнігарняў, будуць запатрабаванымі ў бібліятэках, знойдуць сваіх рэцэнзентаў і аглядальнікаў. У мастацкай літаратуры свае, даволі часта зусім непрадказальныя, адносіны з часам і чытачом. І ўсё ж сабраныя разам творы, у тым ліку і ў кнізе, якую вы зараз разгарнулі, даюць некаторае спадзяванне. Хаця б на тое, што апавяданні, якія ўжо раней прарваліся на старонкі літаратурна-мастацкай і нават грамадска-палітычнай перыёдыкі, расказваюць менавіта пра сённяшняе жыццё і чалавека ў варунках гэтага жыцця.
Што найперш характарызуе апавяданні такіх розных аўтараў: Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Алеся Бычкоўскага, Віктара Варанца, Навума Гальпяровіча, Алеся Кажадуба, Міледзія Кукуця, Уладзіміра Мажылоўскага, Віктара Шніпа, Уладзіміра Ягоўдзіка? Усе яны досыць пранікліва стараюцца зазірнуць у сутнасць чалавека, спрабуюць разабрацца, што з’яўляецца для выбраных імі ў героі персанажаў галоўным, найбольш вартым у паводзінах, учынках, ці здольныя героі твораў на правільны выбар… Аднак прысутнічае і некаторая недагаворанасць. Што ў гэтым – створаная пісьменнікам інтрыга ці сапраўдная сітуацыя нашага няпростага, расхрыстанага жыцця? Давайце і паразважаем разам з творцамі і героямі іх апавяданняў. Высновы, да якіх мы прыйдзем, відаць, і ёсць вырашэнне тых задач, якія паставілі перад сабою аўтары апавяданняў…
Навум Гальпяровіч
Навум Якаўлевіч Гальпяровіч нарадзіўся ў 1948 г. у Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе (1966–1967), у полацкай аб’яднанай газеце «Сцяг камунізму» (1967–1977). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, так-сама завочна скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1979). У 1977–1980 гг. – рэдактар радыёвяшчання вытворчага аб’яднання «Палімір» у Наваполацку, у 1980–1981 гг. – супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик», з 1981 г. – уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. З 1997 г. жыве і працуе ў Мінску. Быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўным дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё. Цяпер – намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё, аўтар і вядучы папулярнай праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь-3».
Дэбютаваў вершам у 1967 г. у газеце «Химик». Аўтар кніг паэзіі «Сцяжына», «Брама», «Востраў душы», «Струна», «Святло ў акне», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха», зборнікаў прозы «Шляхі і вяртанні», «На трапяткім агні», «На скрыжаванні сноў», «Подых пяшчоты», «Горад» і інш., а таксама шматлікіх публікацый у калектыўных зборніках. Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» і іншых узнагарод. Уладальнік медаля Францыска Скарыны, ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Ганаровы грамадзянін Полацка і Наваполацка.
Вось што расказвае Навум Гальпяровіч пра апавяданне «Сіроціна», якое ўвайшло ў наш зборнік: «З самага дзяцінства я ведаў, што мая мама нарадзілася