Название | Танцавальны марафон |
---|---|
Автор произведения | Виктор Правдин |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 2001 |
isbn |
Мiкулiч не спяшаўся раскрываць мэту вiзiту, разлiчваць, што маёр з радасцю ўспрыме ягоныя падазрэннi наконт смерцi сястры Шапавалава, было, па меншай меры, наiўна. Асцярожны Мiкулiч пачаў бадзёра i здалёк:
– Сяргей Iванавiч, мэта майго вiзiту – не на цябе палюбавацца…
– Здагадаўся, – кадык у Кудзiна нервова тузануўся, быццам ён нешта пракаўтнуў.
– Прывяла смерць Казаковай… – Мiкулiч не адводзiў вачэй ад маёравай шыi. У нейкi момант яму здалося, што кадык тузаецца таму, што Кудзiн нешта глытае. Гэта раздражняла. – Я расследую смерць Шапавалава, стрыечнага брата Казаковай.
Каля гадзiны Мiкулiч расказваў пра Шапавалава, а напрыканцы засяродзiў увагу на вiзiце Хмары да Казаковай, узгадаў участковага Барану.
– А цяпер пакумекай, – падвёў рысу падпалкоўнiк, – якая жанчына на ноч гледзячы мые вокны? Можа, твая жонка? Мая то не.
Галоўная задача Мiкулiча была ў тым, каб пасеяць сумненнi ў правiльнасцi афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн успрыняў пачутае знешне спакойна, але надоўга задумаўся, i толькi кадык па-ранейшаму тузаўся i цяпер не тое што раздражняў, ён даводзiў падпалкоўнiка да шаленства.
Кудзiн быццам адчуў, што нечым раздражняе Мiкулiча, паспешлiва ўстаў, заклаў рукi за спiну i зашпацыраваў па пакоi. Пачуўшы, як за спiнай рыпнулi маснiчыны, Мiкулiч уздыхнуў вальней i нечакана падумаў: «Як мала трэба чалавеку: знiк з вачэй iндычы сутаргаваты кадык – i дыхаць стала лягчэй».
Пытаннi Мiкулiча трапiлi ў самае яблычка. Кудзiн у першую хвiлiну знаёмства са справай Казаковай таксама пытаўся пра тое, чаму пацярпелая мыла вокны ноччу.
«Мая жонка ў любы час сутак можа не толькi прыбiрацца ў кватэры, але i перасоўваць мэблю», – не задумваючыся, спаслаўся на «бясспрэчную iнстанцыю» дзяжурны следчы, што выязджаў на месца здарэння.
Аб няшчасным выпадку сведчыла суседка з нiжэйшага паверха. Праўда, моманту падзення яна не бачыла, але прызналася, што за некалькi хвiлiн да здарэння яны з Казаковай сварылiся. Казакова, мыючы акно, бруднай вадой заплюхала бялiзну, вывешаную на балконе, i суседка ўзнагародзiла яе даволi гучнымi i непрыстойнымi эпiтэтамi. Гэта таксама чулi iншыя суседзi, i ўсе яны сцвярджалi, што Казакова была на падпiтку. Фотаздымкi з месца здарэння дапаўнялi карцiну i поўнасцю пацвярджалi версiю няшчаснага выпадку.
Кудзiн чакаў, што яшчэ скажа хiтры Мiкулiч, але паўза зацягвалася, i трэба было прымаць нейкае рашэнне. Але не Казакова ў гэтыя хвiлiны яго турбавала – з ёй было ўсё зразумела i проста. Па-сапраўднаму ўсхваляваў участковы Барана. Кудзiн ведаў, што маёр сябруе з начальнiкам аддзела Белым, а гэта неймаверна ўскладняла сiтуацыю. Ён не мог дапусцiць, каб менавiта ад яго, Кудзiна, пайшлi кампраметуючыя Барану звесткi, ды яшчэ не правераныя. «Пацвердзяцца падазрэннi Мiкулiча цi не – адказваць мне, – раздражнёна пакусваючы вусны, думаў Кудзiн. – Чаму ты прыпёрся