Название | Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства |
---|---|
Автор произведения | Алег Грушэцкі |
Жанр | Фэнтези про драконов |
Серия | |
Издательство | Фэнтези про драконов |
Год выпуска | 2022 |
isbn | 978-985-581-420-8 |
Яна ўздыхнула. У яе вачах адбіўся смутак, так карцела пабачыць упрыгожванне.
– Гэх, – прамовіла яна, – во каб зірнуць хоць бы адным вочкам!
– Мяркую, што толькі зірнуць можна. Гэта ўсё ж нас тычыцца, – не мог утрымацца і Янка.
Дзеці ціхенька ўвайшлі ў камору. Мілана паглядзела на куфар і прамовіла:
– Вялізны які! Старадаўні, відаць.
– Так, дужа старадаўні.
– Слухай, а люстэрка якое цікавае! Проста шыкоўнае! Пэўна, таксама з тых часоў?
– Вядома. Такое ж старое, як і куфар!
– А як ты яго адамкнеш? На ім вунь які замок!
Хлопец з усмешкай прасунуў руку за куфар, дастаў ключ, адамкнуў замок і падняў вечка.
– Аёй, колькі тут усяго?! – дзівілася Мілана.
– Ага, але ўсё не так цікава, як вось гэта, – і ён выцягнуў тое, што прызначалася ім ад прапрадзеда. Крыж і падкова, безумоўна, не так уразілі дзяўчыну, як таямнічы кулончык. Рукой яна адразу ж пацягнулася па яго. Вочы загарэліся, дзяўчынка зачаравалася ўпрыгожваннем. Неверагоднага фіялкавага колеру каменьчык зіхацеў ад святла лямпы ўсімі бакамі, а паўпразрыстасць надавала яму яшчэ большай прыгажосці і таямнічасці. А як бы ён магічна засвяціўся на яскравым сонечным святле!
– Ашалець! – не ўтрымала эмоцый Мілана. – У жыцці не бачыла анічога прыгажэй. Што гэта за камень, цікава?
– Каб я ведаў! Я сам нічога падобнага не бачыў.
– А што яшчэ нам наш прапрадзед перадаў? – дзяўчына зірнула на іншыя падарункі, якія ў параўнанні з кулончыкам зусім не ўражвалі. – Можаш пакінуць сабе, – пажартавала яна. – А я вазьму толькі яго, – любавалася дзяўчына ўпрыгожваннем. – А можна я яго надзену? Так карціць!
– Калі ласка. Хто табе забараняе? Пэўна ж, ён табе быў прызначаны.
– Выдатна! – усцешылася яна. – Дзякуй!
– Ды няма за што. Тут вунь і люстэрка ёсць. Можаш адразу і паглядзецца.
Мілана апусціла вечка куфра і, нядоўга думаючы, надзела на сябе матузок з кулончыкам.
– Цуд! Мне так пасуе! Праўда?
– Так, безумоўна. Асабліва з тваёй дыядэмай – ну проста каралеўна!
– Дзякуй!
І яна зрабіла невялікі рэверанс, нібыта і сапраўды была каралеўнай.
– А што ты будзеш рабіць са сваімі падарункамі? – без асаблівай цікаўнасці запытала Мілана.
– Я не ведаю, навошта яны наагул. З кулончыкам зразумела, яго хоць можна надзець. А тут што і да чаго, паспрабуй здагадайся.
– Проста так ён бы іх не пакінуў, – тут ужо і Мілана задумалася. – Дай зірну.
Янка працягнуў сястры падкоўку і крыжык. Дзяўчына пачала разглядаць іх.
– Цікава. На першы погляд, нічога такога ў іх няма.
Мілана зноў зірнула на сябе ў люстэрка, прызадумалася і раптам заўважыла старадаўні герб, па-майстэрску выразаны на верхняй частцы асады.
– Слухай, – зацікаўлена запыталася яна ў брата, – а гэта што?
– Наш родавы герб.
– Родавы герб? У нас быў свой герб?
– Некалі. Даўно, – адказаў Янка і ўважліва паглядзеў на